Таццяна Беланогая. "Ніткі"

Увогуле ў век канцэптуальных тэхналогій, поруч з якімі ідзе музыка, дзіўным выглядае жанр бардаўскай песні: сціплым востравам сярод глыбокага мора ці рамонкам у свеце новых сартоў калючых руж. Песня пад гітару сышла ў студэнцкі інтэрнат ці ў лес да кастра. Чалавек з гітарай на сцэне зрабіўся эксклюзівам, і недзе недарэчнасцю, за выключэннем, вядома, ветэранаў гэтага жанру, якія апошнім часам не грэбуюць акампанементам.

Ці другі варыянт – вядомыя зоркі кшталту нашых Вольскага ці Вайцюшкевіча на канцэртах у кампаніі самых адданых фэнаў спяваюць свае хіты пад гітару. Гэтак душэўна, утульна і па-дамашняму.

Іншая справа бард ці “бардэса”. Патрэбны моцны тэкст як у Акуджавы, экспрэсія як у Высоцкага, меладычнасць…ну хоць як у Разэнбаўма. Што мы бачым у Таццяны? Добрая лірыка, стрыманасць у падачы і сярэдняя меладычнасць. Дзяўчына з гітарай, калі яна на нешта прэтэндуе, павінна альбо рваць струны і валасы альбо быць настолькі пяшчотнай і ўпэўненай, што парваныя струны папросту не спатрэбяцца.

Бард не павінен быць аднолькавым, сплятаючы з нітак цёплы швэдар на зіму, а тым больш сплятаючы з “нітак” музычны альбом. Кожны радок - іншы, кожны радок - цікавы…

У Таццяны прыгожы голас, добрыя радкі. Хочацца скрыпкі, флейты, бубнаў і баса, парываў ветру і шэпту лістоты. Хочацца, каб часам не кранаючы рамантызм спявачкі ператварыўся ў кранальны сюррэалізм. Хочацца арыгінальнасці. Хочацца, каб з першай ноты слухач сказаў: “О, Беланогая!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі