Сёння шукаць хлопчыка ў Белавежскай пушчы будуць 300 міліцыянераў
У сераду, 27 верасня, шукаць зніклага 10-гадовага хлопчыка ў Белавежскай пушчы разам з ратавальнікамі будуць 300 міліцыянераў з Свіслацкага, Бераставіцкага і Ваўкавыскага аддзелаў унутраных спраў. Як інфармуе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама, плануецца абследаваць 4 квадратныя кіламетры пераважна забалочанай мясцовасці. Адзначаецца, што падчас пошукаў, якія праходзілі ў аўторак, ніякіх слядоў Максіма Мархалюка не знайшлі. Забалочаную мясцовасць аглядалі каля 500 міліцыянераў, а таксама ратавальнікі, вайскоўцы, валанцёры і мясцовыя жыхары. Яны ж праходзілі і па сухіх участках лесу, якія аглядаліся раней.
Максім Мархалюк, жыхар аграгарадка Новы Двор Свіслацкага раёна, знік 16 верасня. Ён пайшоў па грыбы ў лес і дахаты не вярнуўся. Былі знойдзены яго ровар і кошык, іншых слядоў не выяўлена.