Сёлетні чэрвень — самы дажджлівы за апошнія сто год

Паводле прагнозаў сіноптыкаў, у ліпені ападкаў будзе меней, а тэмпература будзе вагацца паміж 16 і 32 градусамі цяпла Тое, што чэрвень выдаўся надзвычай дажджлівым, зразумела не толькі галоўнаму сіноптыку Белгідраметэацэнтру Вользе Фядотавай. Але яна ў дадатак да гэтага ведае, чаму на Беларусь вылілася столькі вады.

Згодная з яе словамі, вінаватыя прахалодныя паветраныя масы з Атлантыкі, якія сутыкнуліся над нашай краінай з гарачым трапічным паветрам. Падчас баёў паміж халодным і цёплым фронтам штодзённа ішлі дажджы, грукаталі навальніцы, а дзе-нідзе закідвала градам.

Ужо сёння, нават калі месяц яшчэ не скончыўся, відаць, што гэта самы мокры чэрвень з 1903 года, кажа Вольга Фядотава.

Вольга Фядотава: "Па колькасці ападкаў гэты чэрвень можа аказацца адным з самых дажджлівых чэрвеняў за мінулае стагоддзе. Напрыклад, у Мінску толькі 1903 год быў больш дажджлівым. Але ж месяц не скончаны, таму вынікі будзем падводзіць крыху пазней".

Месяцам раней сіноптыкі неабачліва спрагназавалі, што самым дажджлівым будзе другі месяц лета. Няўжо ж надвор'е падпарадкуецца прагнозам і нас чакае сусветны патоп? Не, супакойвае нас спадарыня Фядотава: калі б прагнозы заўсёды спраўджваліся, то і чэрвень быў бы сухі.

Спадзяемся на тое, што планы сіноптыкаў на ліпень супадаюць з планамі надвор'я — і нас чакае ад 74 да 97 мм ападкаў. Гэта, дзякуй богу, менш чым ў чэрвені.

Што тычыцца тэмпературы паветра ў сярэдзіне лета, то ў Белгідрамеце нам асцярожна паабяцалі ад 16 да 32 градусаў цяпла. Але пераважна ўсё ж такі — ад 20 да 26.

Вольга Фядотава: "У ліпені тэмпературны фон будзе, вядома, мяняцца, але будуць і цёплыя дні. Пераважная тэмпература — ад 20 да 26 градусаў цяпла, у асобныя дні — ад 27 да 32. Але трэба разумець, што 32 будзе на поўдні рэспублікі. Без прахалодных дзён таксама не абыйдзецца. У некаторыя дні пры зрушэнні атмасферных франтоў, пры шчыльнай воблачнасці дзённая тэмпература можа і не перавысіць 16-18 градусаў цяпла. Але чакаецца пераважна летняе надвор'е".

Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі