Сёлета на пачках цыгарэт у Беларусі з’явяцца засцерагальныя надпісы

У свеце адзначылі Міжнародны дзень барацьбы з паленнем. У краінах Еўрасаюза супраць палення ўводзяцца ўсё больш жорсткія меры, нядаўна на пачках пачалі змяшчаць жудасныя здымкі органаў курца, паражаныя хваробамі. Еўрарадыё даведалася, што ўжо сёлета на пачках цыгарэт і ў Беларусі з’явяцца засцерагальныя надпісы кшталту: "Курэнне выклікае рак лёгкіх, імпатэнцыю і эмфізему". Паводле апытанняў, у свеце паліць траціна насельніцтва, старэйшага за 15 год. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі здароўя, паленне - гэта 90% выпадкаў раку лёгкіх, 35% выпадкаў ішэмічнай хваробы сэрца, 75% хранічных бранхітаў і эмфіземаў лёгкіх. Непасрэдна з паленнем звязана 18 тыпаў наватвораў. Курцы жывуць на 5-10 гадоў менш. Пазбыцца залежнасці не так проста.

Паводле некаторых даследаванняў, праз год пасля адчыкання 80% хворых зноў закурваюць, а праз 2-3 гады рэцыдыў назіраецца ў 90%. Таму цяпер паленне прызнанае цяжкай хваробай, як нарка- і алказалежнасці. І ў свеце, і ў нашай краіне ідзе антытытунёвая кампанія. У Еўрасаюзе распрацаваныя 43 віды здымкаў на пачкі цыгарэтаў. Ілюстрацыі на любы густ - лёгкія курца, рак гартані ў разрэзе, фота разбураных тканак...

У Беларусі 5 міністэрстваў - здароўя, адукацыі, інфармацыі, спорту і канцэрн “Белхарчпрам” - аб’ядналася ў Праграме па змаганні з тытунём на 2008-2010 гадоў, - распавяла “Еўрарадыё” кіраўніца прэс-службы Мінаховы здароўя Вольга Бартман. Перад тым, у 2006 годзе, інстытут сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і Нацыянальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі правялі даследаванне пра маштабы палення ў краіне.

Гаворыць Вольга Бартман: - Курылі 32,3%, з іх пастаянна – каля 23%, перыядычна – 9,3%. Кінулі паліць - 13,3%.

Еўрарадыё: Еўрасаюз выпускае цяпер пачкі цыгарэт са страшнымі фоткамі: рак лёгкіх, напрыклад. У нас такое плануецца?

Вольга Бартман: - Да нас прыходзіў запыт з Дзяржстандарту па афармленні упакоўкі. Мы ўзгаднілі. У адпаведнасці з планам, узгодненым з САЗ, яны сёлета павінны зрабіць гэтыя надпісы.

Еўрарадыё: - Самі паліце?

Вольга Бартман: - Не, натуральна. Тата даўно кінуў. У нас абсалютна ў сям’і не кураць.

Еўрарадыё: - А вось у Міністэрстве аховы здароўя паляць?

Вольга Бартман:
- Апошнім часам увогуле не бачу курцоў. Ну, у нас жа забаронена паленне не толькі ў міністэрстве, але і на тэрыторыі ўсіх яго аб’ектаў. Ну, але ж вы ведаеце, часамі кагосьці з калег і пабачыш пад вуглом з цыгарэтай.

Фота - mylivepage.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі