Сярэдзіч: Калі б была канкурэнцыя, кіяскёры бегалі б за мной і прасілі газеты

Шапікі “Белсаюздруку” адмаўляюцца браць для рэалізацыі дадатковыя нумары “Народнай Волі”. Кажуць, трэба дачакацца афіцыйных звестак па спісанні газеты за студзень. Але галоўны рэдактар такое тлумачэнне лічыць “адмазкай”.
“Вядома, што афіцыйныя вынікі будуць на нашую карысць”, - упэўнены галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч. Паводле яго слоў, за снежань мінулага года спісанне газеты склала ўсяго 0,052:

“За снежань спісанне было 0,052. Фактычна прадаецца ўсё. Там адзін-два экзэмпляры можа нейкая сталіністка і схавала пад палічкай… Вы можаце пацікавіцца, колькі за снежань спісалі “Советской Белоруссии” ці “Звязды”: там ідзе спісанне і да 50%. Некаторых газет, як "Мінская праўда", там можа даходзіць і да 50%, хоць там яны і даюць з гулькін нос”.

Сёння агулам у Мінску прадаецца чатыры тысячы асобнікаў “Народнай Волі”. Але спадар Сярэдзіч упэўнены, што разыходзілася б і ў 2 разы больш газет:

“Што тычыцца Мінску, то мы хацелі б яшчэ як мінімум тысячы паўтары даць ім дадатковы тыраж, але яны кажуць, сёння для іх дастаткова. Спачатку яны пагадзіліся толькі на 2,5 тысячы экзэмпляраў, пасля ў студзені далі магчымасць яшчэ тысячу. Я на люты прапанаваў даць ім яшчэ парачку тысяч, але яны мне адмовілі. Сказалі – пакуль у нас няма лічбаў спісання за студзень, мы не будзем нават разглядаць гэтую праблему. А мы згодныя ім даваць хоць сем тысяч сёння, і ўпэўненыя, што калі б і сем далі, то разыйшлася б”

Галоўны рэдактар “Народнай волі” марыць пра часы, калі нарэшце дзяржава не будзе кіраваць газетнымі шапікамі. Калі б паміж кіяскёрамі была канкурэнцыя, то яны б самі прасілі даць больш газет:

“Сёння трэба па-іншаму ставіць пытанне: чаму дзяржава кіруе газетнымі шапікамі? Чаму сёння няма канкурэнцыі паміж тымі ж гандлярамі газетных шапікаў? Каб такое было, за мной бы бегалі і прасілі – дай болей газетаў! Дай! А я б ім казаў – ты мне зніжку не даеш такую, як дае твой апанент, таму пайду да яго… А сёння дзяржава кіруе шапікамі!”

Еўрарадыё патэлефанавала і ў “Белсаюздрук”, каб даведацца як прадаюцца дзяржаўныя беларускія выданні. Але там даць  статыстыку па спісанні нам адмовіліся:

“Рэч у тым, што гэтая інфармацыя для ўнутранага карыстання”.


Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі