Вы тут

Святлана Алексіевіч: Мы жывем у Чарнобылі. І гэта на бясконцы час

У інтэрв’ю са Святланай Алексіевіч Заходняя Еўропа пабачыла чарнобыльскую катастрофу зусім з іншага боку. Еўрарадыё сабрала каментарыі нобелеўскай лаўрэаткі заходнім СМІ пра самую трагічную тэхнагенную катастрофу ў гісторыі Беларусі.

У інтэрв’ю брытанскаму выдавецтву Dalkey Archive Press Святлана Алексіевіч кажа, што феномен Чарнобыля ніколі не быў правільна зразумелы. І найбольш частая рэакцыя на яе кнігу “Чарнобыльская малітва”: “Я не меў ніякага ўяўлення пра тое, як усё было насамрэч, асабліва на асабістым узроўні”.

Пісьменніца дадае, што страх перад радыяцыяй тады прытупіў страх у людзей перад партыйнымі босамі і ўладай:

“Чарнобыль паказаў нам, наколькі небяспечная сучасная цывілізацыя. Якімі абуральнымі з’яўляюцца недапрацоўкі гэтай залежнасці ад улады і “культу сілы”. Наколькі небяспечнымі з’яўляюцца нашы сучасныя светапогляды для нас саміх. Як гуманітарны чалавек адстае ад тэхналагічнага чалавека. Трагедыя падарвала увесь наш погляд на свет, падрывала асновы савецкай сістэмы, якая ўпершыню пахіснулася ад савецка-афганскай вайны. Гэта быў магутны выбух, які цалкам разбурыў наша жыццё. Я памятаю стотысячны антыўрадавы мітынг у Беларусі у абарону простых людзей і дзяцей. Я хацела расказаць пра гэты ўнікальны досвед. Так сталася, што Беларусі з яе патрыярхальнай, традыцыйнай культурай раптоўна прыйшлося змагацца са страхам будучыні”.

У матэрыяле The Guardian, які выйшаў напярэдадні 30-й гадавіны чарнобыльскай катастрофы, так словамі пісьменніцы апісваюцца трагічныя падзеі:

“Гэта была вар’яцкая сітуацыя. Я ўбачыла традыцыйную савецкую сістэму, накіраваную супраць вайны. Яна была не ў стане рэагаваць на тое, што адбылося. Гэта быў хаос: вайсковыя грузавікі, жаўнеры бегаюць з аўтаматамі і крычаць: “У каго я мушу стрэліць?”. Ты не можаш стрэліць у фізіку або радыяцыю”.

Алексіевіч у інтэрв’ю нямецкаму выданню Deutsche Welle кажа пра сённяшняе значэнне Чарнобыля ў нашым жыцці:

“Усе мае сябры, якія памерлі за апошнія дзесяць гадоў, памерлі ад раку. І няма літаральна ні дня, каб я не чула ад сваіх знаёмых, што нехта захварэў ці памёр. Гэта было прадказана многімі навукоўцамі яшчэ ў самым пачатку, у першыя месяцы пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яны казалі, што адыдуць хуткія смерці, а потым пачнецца рэакцыя на малыя дозы радыяцыі, якія мы п’ем, ямо, нюхаем. І цяпер гэта адбываецца. І ўлада хацела б закрыць на гэта вочы. Самі сабе яны завялі асобныя гаспадаркі, Лукашэнку падаюць чыстыя прадукты на стол. А астатнія ядуць усё тое, што прадаецца ў крамах. Так што нельга сказаць, што мы жывем пасля Чарнобыля. Мы жывем у Чарнобылі. І гэта на бясконцы час”.

Часопіс New Yorker ілюструе трагедыю словамі жанчыны з кнігі “Чарнобыльская малітва”, якая глядзіць на свайго памерлага мужа-пажарнага. Ён быў ліквідатарам і загінуў ад высокай дозы радыяцыі.

“У моргу яны спыталі: “Хочаце, мы пакажам вам, у што яго апранем?” Хачу! Апранулі ў парадную форму, фуражку наверх на грудзі паклалі. Абуць не абулі, не падабралі абутак, бо ногі распухлі. Парадную форму таксама разрэзалі, нацягнуць не змаглі, цэлага цела ўжо не было. Усё — рана. У бальніцы апошнія два дні падыму яго руку, а косць хістаецца, матляецца косць, цела ад яе адышло. Кавалачкі лёгкага, кавалачкі печані ішлі праз рот. Захлынаўся сваімі вантробамі. Абкручу руку бінтам і засуну яму ў рот, усё гэта з яго выграбаю. Пра гэта немагчыма расказаць! Пра гэта немагчыма напісаць! І нават перажыць. Гэта ўсё такое роднае, такое любімае. Ніводзін памер абутку немагчыма было нацягнуць. Паклалі ў труну босага”.