“Святкаваць яшчэ рана”: праціўнікі завода АКБ у Брэсце не збіраюцца разыходзіцца

“Святкаваць яшчэ рана”: праціўнікі завода АКБ у Брэсце не збіраюцца разыходзіцца

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс загадаў прыпыніць будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА "АйПаўэр" пад Брэстам "да ліквідацыі выяўленых парушэнняў". Адпаведнае распараджэнне 14 чэрвеня апублікаванае на сайце Брэсцкага аблвыканкама.

Адзін з актыўных пратэстоўцаў супраць будаўніцтва завода АКБ відэаблогер Сяргей Пятрухін у каментарыі Еўрарадыё кажа, што святкаваць перамогу пакуль рана:  

“Я асабіста лічу, што да перамогі яшчэ далёка, яшчэ шмат трэба зрабіць. Я не вельмі давяраю. Гэта ж проста прыпынілі, а не спынілі цалкам будаўніцтва. На мой погляд, улады проста хочуць збіць людскі запал, каб пратэстоўцы разышліся па сваіх кухнях”.

На думку відэаблогера, брастаўчанам не час расслабляцца: трэба і далей “карміць галубоў”, сустракацца з уладамі ды праводзіць інфармацыйную кампанію.

Пятрухін дадае, што ўжо ў гэтую нядзелю, 16 чэрвеня, яго чарговы раз выклікаюць у міліцыю на 12 гадзін. Акурат у гэты час запланаваная сустрэча кіраўніцтва вобласці і горада з пратэстоўцамі. “Для мяне не змянілася нічога”, — кажа відэаблогер, які неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за акцыі супраць будаўніцтва завода АКБ.

Брастаўчане ўжо больш за год змагаюцца супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Пабудаваны завод ужо некалькі разоў не здолеў прайсці экалагічную экспертызу, неабходную для запуску вытворчасці. Днямі кіраўніцтва Брэстчыны сустрэлася з пратэстоўцамі: чыноўнікі заявілі, што завод могуць закрыць, калі ён не будзе адпавядаць экалагічным патрабаванням.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі