“Свіны грып” у Беларусь абавязкова прыйдзе, але крыху пазней

Дактары-эпідэміёлагі чакаюць, што “свіны грып” прыйдзе ў Беларусь узімку. І пакуль не ведаюць, чым будуць яго лячыць У чацвер галоўны санітарны доктар Расіі Генадзь Анішчанка выказаў сумнеў адносна таго, што ў Беларусі насамрэч не было зарэгістравана ніводнага выпадку захворвання на так званы “свіны грып” — вірус А(H1N1). Маўляў, Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, дзе колькасць хворых расце кожны дзень, і таму наша краіна не магла пазбегнуць лёсу краін-суседзяў.

Насамрэч, паводле апошніх дадзеных, у той жа Расіі ужо зарэгістравана 142 чалавекі, хворыя на “свіны грып”, у Літве — 29, у Польшчы — 132, ва Ўкраіне — 1. У крыху далейшых суседзяў сітуацыя яшчэ горшая: у Нямеччыне ўжо захварэлі 9770 чалавек, у Грэцыі — 1002, у Іспаніі —1 538, Італіі — 1 238, Вялікабрытаніі — 12 470, ЗША — 43771. Ва ўсім свеце хворых сёння 212 008, 1 717 чалавек памерла.

Але Беларусь, сцвярджаюць у прэс-службе айчыннага Міністэрства аховы здароўя, гэтая бяда па-ранейшаму абмінае.

Прэс-служба: “Застаецца тая ж самая сітуацыя — у нас няма грыпу, пацверджанага лабараторным шляхам”.

Але супакойвацца рана. Намесніца начальніка супрацьэпідэміялагічнага аддзялення  Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ўлада Запольская папярэдзіла, што “свіны грып” абавязкова завітае ў Беларусь.

Улада Запольская:
“Ён прыйдзе да нас, але пазней. Не прыйдзе ён да нас гэтай зімой, дык прыйдзе наступным летам. У наступным годзе ён так ці інакш, але патрапіць на тэрыторыю рэспублікі”.

Прычым гэтае спазненне не вельмі суцяшае беларускіх дактароў — бо да таго часу вірус А(H1N1) зменіцца яшчэ больш.

Улада Запольская:
“Вірус грыпу схільны да мутацыі. Сёння гэта адны формы, а заўтра — іншыя. Прадбачыць, наколькі ён муціруе і як будзе паводзіць сябе ў далейшым, вельмі складана. Было б добра, каб вірулентныя яго ўласцівасці засталіся ў тым выглядзе, як зараз. Калі рэгістравалася большасць лёгкіх формаў. Але прадугадаць уласцівасці віруса ніхто не можа”.

Згодна са словамі Улады Запольскай, мінскія лекары сёння знаходзяцца ў стане “павышанай баявой гатоўнасці” і з вялікай насцярогай ставяцца да тых, хто прыязджае з-за мяжы.

Улада Запольская: “У Мінску вялікая насцярожанасць да прыезджых, да людзей, якія вяртаюцца з адпачынку. І абавязкова пытаюцца ў іх: ці ёсць сімптомы ВРЗ і грыпу, ці выязджалі яны на адпачынак, ці быў у іх кантакт з людзьмі, якія кашлялі і чхалі падчас адпачынку. І калі ўзнікне сітуацыя, што чалавек выязджаў, кантактаваў там з такімі людзьмі, то ён пройдзе тэст на гэтае захворванне. Але пакуль усе прыязджаюць да нас здаровымі”.

З гэтай нагоды пасажыраў і экіпаж кожнага самалёта, што прылятае да нас, першымі сустракаюць дактары.

Улада Запольская: “На кожны борт прыходзіць са здраўпункта фельчар, доктар, пытаюцца пра самаадчуванне ў людзей. І ўсе пасажыры перад тым, як выйсці ў будынак аэрапорта, праходзяць тэрмаметрыю адразу на борце самалёта”.

Яшчэ некалькі месяцаў таму дактары мінскай санслужбы сцвярджалі, што нават складаную форму грыпу можна перамагчы з дапамогай лекаў пад назвай “Таміфлю”. І коштам — 100 тысяч рублёў. Але ўжо сёння Ўлада Запольская выказала сумнеў у іх эфектыўнасці.

Улада Запольская: “Складана сказаць, наколькі яны могуць дапамагчы”.

І параіла тым, хто хоць злёгку прыхварэе, адразу звяртацца да дактароў. Калі ж пачаць тэрапію праз 3-4 дні, то эфект ад яе будзе ніякі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі