Вы тут

Свабода — добра, але халадзільнік бліжэй да цела: псіхолаг — пра думкі беларусаў

Ці гатовы шараговы беларус да пагаршэння ўзроўню жыцця?

Еўрапейскі саюз ухваліў увядзенне 4-га пакета санкцый супраць беларускага рэжыму і абвясціў пра старт падрыхтоўкі 5-га пакета. Беларускія чыноўнікі абурыліся, паабяцалі санкцыі ў адказ, горда заявілі "санкцыі не працуюць" і паспачувалі простым беларусам, па якіх санкцыі Захаду ўдараць у першую чаргу.

Ці гатовы шараговы беларус да пагаршэння ўзроўню жыцця і ці паспрабуе разабрацца ў прычынах увядзення санкцый? Разбіраецца прафесар-псіхолаг Уладзімір Янчук.

Ці паспрабуе звычайны беларус разабрацца, чаму ўвялі санкцыі?

— Як толькі паўстане бытавы момант, чалавек пачне высвятляць: а чаму? Раптам у яго з'явіцца нечаканае тлумачэнне: а хто каму ў сябры набіваецца? Бо што такое санкцыі? Людзі за "бугром" лічаць, што тут з беларусамі адбываецца нешта не тое, што з імі не вельмі добра абыходзяцца, што парушаюцца іх правы.

Гэтыя людзі кажуць: мы не хочам з вамі сябраваць. А чаму тады мы з вамі гандляваць павінны? Кіраўніцтва краіны заяўляе: ды не патрэбны нам гэты Захад, мы пойдзем да Расіі і Кітая высокатэхналагічных. Але вось аўтобусы МАЗ ездзяць на маторах Mercedes, якія забяспечваюць канкурэнтаздольнасць.

Гэтыя людзі не хочуць сябраваць і не будуць працягваць руку, маючы справядлівыя падставы. Раз вы не хочаце жыць па агульных правілах, жывіце па сваіх і крыўдуйце на сябе. Але ўзнікае іншая праблема: чаму ў нас не атрымліваецца? Быццам бы на ворагаў крыўдзіцца няма чаго, трэба шукаць вінаватых тут.

У Беларусі пачнуцца іншыя працэсы. Але "справа дактароў", "справа генералаў" — усё гэта ўжо надакучыла. Пасадкі выканалі сваю функцыю. Усіх не перасаджаюць, трэба з кімсьці працаваць, пытанні вырашаць. Хтосьці нешта рабіць павінен, патрэбныя спецыялісты.

А калі іх няма, многія пытанні не вырашаюцца, у тым ліку — высокатэхналагічныя: банкаўская сістэма і іншыя. На тое, каб змяніць лагістыку, ідуць гады. На тым жа Усходзе прастора ўжо занятая канкурэнтамі. Кітайцы нас падтрымліваюць, але ў свае нішы не пускаюць нікога: ім самім мала, яны хочуць іншыя нішы.

Ці гатовы звычайны беларус на паніжэнне ўзроўню жыцця праз санкцыі?

— Просты беларус не гатовы! Гатовыя асобы на тусоўках гаварыць "Ды мы за вас жыццё аддамо!". Прыгажуні могуць гаварыць "Мы будзем біцца да канца!". А шараговы грамадзянін не гатовы.

Ён прывык да нечага, гэта стала стылем жыцця. А калі камфорт парушаецца, у чалавека з'яўляюцца пытанні і ўзнікае нябачная незадаволенасць.

Пачынаецца прасвятленне: аказваецца, перш чым рабіць — думаць трэба. Мы тут захацелі свабоды, і гэта добра — але халадзільнік бліжэй да цела. Людзі пачынаюць пазбаўляцца ад міфалагем і задаваць пытанні да адказнасці.

Адказвае асоба, якая прымае рашэнні. Яны аказваюцца не самымі абгрунтаванымі. І за гэтымі рашэннямі ёсць наступствы: нават не цяпер, апасродкавана — але гэты час прыйдзе.

Парушаюцца звыклыя схемы: спартсмены не едуць; людзі, якія зарабляюць у сферы мастацтва, не едуць; яшчэ хто-небудзь не едзе. Наступствы пачынаюць раз'ядаць кансалідаваную схему, звыклую для нашай культурнай традыцыі: а можа, пранясе.

Аказваецца, не праносіць. Узнікае кагнітыўны дысананс, які патрабуе заспакаення. Ворагамі яно не здымаецца. Будзе горш, непазбежна.

Поўны запіс эфіру з Уладзімірам Янчуком глядзіце ніжэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.