Суздальцаў: Улады самі раскручваюць "твітэр-рэвалюцыю"

Пасля чарговай акцыі "Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі", якая прайшла ў сталіцы і дзесятках гарадах краіны, Еўрарадыё паразмаўляла пра яе феномен з расійскім палітолагам Андрэем Суздальцавым.


Еўрарадыё: Як можаце пракаментаваць беларускі варыянт “твітэр-рэвалюцыі”? 
Суздальцаў: “Беларускае кіраўніцтва рыхтавалася да гэтай рэвалюцыі, набывала абсталяванне, ставіла "пасткі" ў сетках, адсейвала тэхнолагаў, якія выпускалі гэтыя праекты ў беларускім інтэрнэце. Але ўтрымаць сітуацыю не могуць. "Твітэр-рэвалюцыя" развіваецца толькі там, дзе ёсць глеба. У Беларусі гэтая глеба створана. Бяда ў тым, што беларуская ўлада спрабуе рэагаваць на гэтыя рэчы вельмі жорстка, выкарыстоўваючы сілу, разганяючы гэтых людзей, якія нічым не займаюцца, а проста ходзяць па вуліцах, стаяць, пляскаюць у ладкі. Атрымліваецца так, што ўлады самі гэтую рэвалюцыю раскручваюць, прыцягваюць да гэтага ўвагу”.
Еўрарадыё: Як напісана ў групе “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”, “мэта гэтай сустрэчы — пазбавіцца ад страху і пачаць дзейнічаць”. І больш ніякіх патрабаванняў...
Суздальцаў: “Твітэр-рэвалюцыя" — гэта феномен. Яна ўзнікае далёка не паўсюль. Яна — паказчык таго, што палітычны рынак закрыты, што няма апазіцыйнага голасу, няма апазіцыі. Яны не могуць выстаўляць палітычныя патрабаванні, яны не спецыялісты ў гэтых справах. Гэта — народ. Гэта — народнае супраціўленне. Звярніце ўзвагу, што "твітэр-рэвалюцыя" выступае супраць улады, але і супраць апазіцыі таксама".
Еўрарадыё: Якую вы бачыце будучыню "твітэр-рэвалюцыі" ў Беларусі?
Суздальцаў: “Інтэрнэт — народная творчасць. 17 гадоў апазіцыя не дасягнула ніякага поспеху ні на вуліцы, ні на выбарах — нідзе. А народнае супраціўленне — акцыя за акцыяй. Хваля будзе падымацца, з’явяцца новыя лідары, гэтыя лідары, канешне, будуць вядомыя. Сітуацыя будзе закручвацца. Закручвацца, улічваючы тое, што эканамічная сітуацыя не выпраўляецца, а працягвае пагаршацца, нягледзячы на атрыманне першага траншу крэдыту...”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі