Сусветны фінансавы крызіс беларусаў не cпалохаў, але пахвалявацца прымусіў

Пакуль увесь свет турбаваў глабальны фінансавы крызіс, беларусы цешыліся са свайго “асаблівага” становішча. У нас нічога не абвальвалася па той простай прычыне, што абвальвацца не было чаму…
Нагадаем, банкруцтва чацвёртага па велiчынi амерыканскага iнвестыцыйнага банка “Леман Бразэрс” i абвал фiнансавага рынку ЗША пацягнулi за сабой рэзкае падзенне кацiровак каштоўных папер у iншых краiнах свету. Сітуацыю на расійскіх фондавых біржах эксперты называлі “класічным біржавым крахам”. І толькі ўмяшальніцтва ўрадаў і гіганцкія грашовыя ін’екцыі выратавалі фінансавыя сістэмы.

У беларускай дзяржаўнай прэсы не было адзінай пазіцыі ў асвятленні крызісу: у адных гэта атрымалася занадта традыцыйна, іншыя ўдала імправізавалі.

“Советская Белоруссия”
на працягу тыдня асвятляла сусветны крызіс досыць спецыфічна. Пра тое, ці паўплывае ён на беларускую эканоміку – ні слова, затое аглядальнікі “СБ” паразважалі пра тое, што ён распачаўся невыпадкова і тут без змовы не абыйшлося.

“Не, я зусім не схіляюся да думкі пра нейкую сусветную змову супраць Крамля, але ўсё ж падзенне цэнаў на нафту, а менавіта гэтага так жадалі на Захадзе ўвесь апошні час, - адбылося”, - піша Ніна Раманава.

Аглядальнікі “СБ” з нумару ў нумар падводзяць чытачоў да думкі, што ўся справа ў тактыцы “кіруемага крызісу”, а за ім толькі “хаос”...

“Падобна, што тактыка “кіруемых крызісаў” паступова саступае месца “стратэгіі хаоса”… Наша ўсходняя суседка займае дастаткова выгоднае становішча ў гэтым глабальным супрацьстаянні”, - даволі супярэчлівыя думкі выказвае Ігар Мельнікаў.

Урадавая “Рэспубліка” таксама лічыць, што Расія паспяхова пераадолее фінансавы крызіс і ўвогуле можа стаць “адным з галоўных фінансавых цэнтраў свету”. Але выданне прызнае, што “беларусы парадкам захваляваліся” ў першыя дні крызісу, спрагназавалі магчымыя наступствы для Беларусі і прыйшлі да несуцяшальнай высновы:

“Калі ў Расіі “шарахне”, то ў айчыннай эканоміцы, амаль на 100% завязанай з усходнімі тэндэнцыямі, “рэха” гэтага “выбуху” можа аказацца далёка не ціхім”.

У адрозненне ад “СБ”, якая абстрагавалася ад беларускіх праблемаў і засяродзілася на сусветных, і “Рэспублікі”, якая не выключала “выбуху”, “Звязда” супакоіла сваіх чытачоў.

“Напружанне, што ўзнікла на фiнансавых рынках суседнiх краiн, не аказвае негатыўнага ўплыву на беларускiя банкi”,
- піша “Звязда”. Нават калі за мяжой “шарахне”, праблемы ў беларускай эканомікі ўзнікнуць толькі “ў сярэднетэрміновай перспектыве”. Сябра Савета дырэктараў Нацыянальнага банка, начальнiк Галоўнага ўпраўлення банкаўскага нагляду Сяргей Дубкоў, каментуючы магчымы ўплыў крызiсу на сусветных фiнансавых рынках на працу банкаўскай сiстэмы i ў цэлым эканомiкi Беларусi, адзначыў:

"Аднак у сувязi з тым, што беларуская эканомiка - гэта эканомiка адкрытага тыпу, адпаведныя наступствы могуць узнiкнуць у сярэднетэрмiновай перспектыве, калi адбудзецца запавольванне эканамiчнага росту ў краiнах - асноўных гандлёвых партнёрах Беларусi, гэта значыць калi попыт на беларускую прадукцыю знiзiцца".


Апазіцыйная “Народная воля” ўзяла каментар на тэму наступстваў сусветнага фінансавага крызісу для эканомікі нашай краіны ў старшыні Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзіміра Карагіна. Ён перакананы, што крызіс на ёй адаб’ецца:

“Таму, што нашая краіна, хоць пакуль і слаба, але ўсё ж такі інтэгравана ў міжнародную эканамічную сістэму”.

Карагін прагназуе “пэўныя ваганні цэнаў” і заклікае беларускі ўрад падтрымліваць айчынных прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, не ствараць ім “нервовую абстаноўку”.

“Комсомольская правда в Беларуси” прыходзіць да высновы, што “сусветны фінансавы крызіс на нашых заробках не адаб’ецца”, але “спыніць рост цэнаў перашкодзіць”. Таксама прагназуецца, што ў Беларусі можа патаннець жыллё.

Іншы аспект праблемы, на якім таксама засяродзіліся беларускія СМІ – як курсавыя хістанні на сусветным рынку паўплываюць на зберажэнні беларусаў. “Беларусы памкнуліся ў абменныя пункты” – гэта загаловак з “Рэспублікі”. Выданне адзначае, што беларускія аматары “зялёных” “па інэрцыі ўзрушыліся”:

“Пасля працяглай фіксацыі курса Нацыянальны банк знізіў афіцыйны абменны курс нацыянальнай валюты на 2 рублі. Вядома, гэта не той выпадак, калі трэба біць у званы. Але гэты прэцэдэнт з’яўляецца водгукам куды больш сур’ёзных тэндэнцый макраэканамічнага ўзроўню”.

“Звязда” ж працягвае супакойваць сваіх чытачоў:

“Што ж датычыцца беларускага рубля, то ў такiм выпадку ствараюцца рэальныя ўмовы для яго ўмацавання. Так што баяцца паслаблення нашай нацыянальнай валюты з-за сусветнага фiнансавага крызiсу не трэба”.

Усё ідзе па плану, усё пад кантролем – такі пасыл гэтага і шэрагу іншых дзяржаўных выданняў. А як атрымаецца насамрэч, пакажа час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі