Сустрэча Лукашэнкі з Папам будзе расцэнена як вялікі поспех беларускіх улад

Палітолаг Юрый Шаўцоў распавёў Еўрарадыё пра магчымыя наступствы сустрэчы ў Ватыкане кіраўніка Беларусі і Папы Рымскага 27 красавіка Аляксандр Лукашэнка можа сустрэцца з Папам Рымскім Бенедыктам XVI. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Італіі Франк Фраціні. У прэс-службе беларускага прэзідэнта Еўрарадыё распавялі, што візіт Лукашэнкі ў Ватыкан прапрацоўваецца, але даты пакуль не назвалі.

Павел Лёгкі:
"Сапраўды магчымасць такой сустрэчы зараз прапрацоўваецца. А калі яна прапрацоўваецца, адпаведна, афіцыйныя даты будуць названыя крыху пазней".

На думку палітолага Юрыя Шаўцова, калі сустрэча ўсё ж адбудзецца, гэта стане велізарным поспехам Лукашэнкі. А вось для апазіцыі наступствы будуць вельмі складаныя.

Юрый Шаўцоў: “Гэта быў бы, безумоўна, велізарны поспех Лукашэнкі. Апазіцыя неабгрунтавана лічыць, што наш каталіцкі касцёл супраць улады. Насамрэч ён з'яўляецца адной з двух магутных кропак, на якія абапіраецца наша палітычная сістэма ўнутры краіны і па-за межамі. Гэта добра бачна па электаральных кампаніях. У каталіцкіх раёнах практычна заўжды Лукашэнка набірае больш за палову галасоў”.

Тое, што касцёл трымаецца на баку ўлады, паказваюць і яго адносіны да неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі, працягвае спадар Шаўцоў.

Юрый Шаўцоў: “У сітуацыі вакол Саюза палякаў касцёл па факце падтрымаў кіраўніцтва Беларусі. Таму калі б Лукашэнка з'ездзіў у Ватыкан — гэта б шмат каму у Еўропе і ўнутры краіны паказала сапраўдную палітычную пазіцыю каталіцкага касцёла, які вельмі добра інтэграваны ў нашу палітычную сістэму”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі