Сусед у масцы спрабаваў абрабаваць пенсіянерку ў Маладзечне

Сусед у масцы спрабаваў абрабаваць пенсіянерку ў Маладзечне

10 траўня ў маладзечанскую міліцыю звярнулася жанчына. Яна заявіла, што ў яе кватэру спрабаваў увайсці мужчына ў масцы, але ўцёк, калі яна змагла сарваць маску з яго галавы. У нападніку жанчына пазнала свайго суседа, паведамляе прэс-служба УУС Мінгарвыканкама. 

68-гадовая жанчына жыве на чацвёртым паверсе шматкватэрнага дома, сусед пражывае на першым. Пра 43-гадовага мужчыну суседзі кажыць, што ён злоўжывае спіртным і пастаянна клянчыць грошы. 

У тую раніцу мужчына збіраўся зноў папрасіць грошай у пенсіянеркі. Але ўзгадаў, што папярэдні раз доўга не аддаваў ёй 6 рублёў, і падумаў, што наўрад ці ўдасца пагаварыць па-добраму. Таму ідучы да суседкі, мужчына ўзяў маску.

На пытанне "хто там" мужчына адказаў "я" — і па голасе жанчына пазнала суседа. Але калі яна адчыніла дзверы, то пабачыла мужчыну ў чорнай масцы. Пенсіянерка кажа, што ён спрабаваў увайсці ў кватэру, штурхнуў яе, а калі яна сарвала маску, уцёк. Жанчына адразу затэлефанавала ў міліцыю. Зламысніка, які выбягаў з калідора на лесвічную пляцоўку, бачыла і дачка гаспадыні. У руках у суседа яна заўважыла нейкі металічны прадмет, які не змагла вызначыць.

Аператыўнікі высветлілі, што мужчына замкнуўся ў сваёй кватэры. Праз пэўны час супрацоўнікі АМАП штурмам узялі кватэру дэбашыра, а мужчыну затрымалі і даставілі ў Маладзечанскі РАУС.

Мужчына заявіў, што хацеў трапіць у кватэру суседкі, зняць маску і папрасіць грошай — думаў, што іначай яго не пусцяць. Па яго словах, пасля няўдалага візіту вярнуўся дадому і лёг спаць. Калі ж пабачыў за вокнамі міліцыянтаў, то паспрабаваў змыць маску ва ўнітаз, каб пазбыцца доказаў злачынства. На момант затрымання ён быў нецвярозы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі