“Супрацьстаяць крэатуры Крамля Мінск зможа толькі метадамі ліхіх 90-ых”

“Супрацьстаяць крэатуры Крамля Мінск зможа толькі метадамі ліхіх 90-ых”

Расійскія СМІ распачалі чарговы віток інфармацыйнай вайны супраць Беларусі. Прычым, усе матэрыялы пра “беларускіх бандэраўцаў”, “інсульт Лукашэнкі” і гэтак далей, размешчаныя на розных рэсурсах у апошнія дні ліпеня, гэта не разавая атака, а “сістэмная праца”. Такое меркаванне ў жывым эфіры Еўрарадыё выказвае кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

“Да ўсяго, мы можам назіраць актыўнасць адносна Беларусі не толькі з тэрыторыі Расіі, але мы бачым і актывізацыю прарасійскіх колаў у Беларусі. Цяпер узнікла цэлая нізка інфармацыйных сайтаў, яны ўсе ананімныя, але ўсе выкарыстоўваюцца для распаўсюджвання прарасійскіх прапагандысцкіх наратываў. Гэта сведчанне таго, што ў першыню за апошнія гады пайшлі грошы ў беларускую палітыку. Такія рашэнні не прымаюцца звычайнымі клеркамі. Гэта рашэнне ўзроўню топ-10 вышэйшых расійскіх дзяржслужбоўцаў. І, безумоўна, такія рашэнні не будуць прымацца за спіной Пуціна, бо гэта будзе дорага каштаваць. І тое, што гэта (інфармацыйная атака на Беларусь ― Еўрарадыё) адбываецца, і тое, што Пуцін, я ўпэўнены ў гэтым, у курсе таго, што адбываецца і не дае загаду спыніць, гэта, на жаль, вельмі нядробная сітуацыя”, ― кажа эксперт.

Вядзецца гэтая “сістэмная праца” для таго, каб вывесці з раўнавагі Аляксандра Лукашэнка напярэдадні будучых прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне. Прычым, цікавасць да “беларускага гамбіту”, кажа Паротнікаў, выказваюць не толькі пэўныя расійскія палітыкі і СМІ, але і паліттэхнолагі.

“Апошнімі месяцамі вельмі актывізаваліся расійскія паліттэхнолагі ў Маскве, якія прывыклі працаваць з бюджэтамі ў мільёны долараў. Якія працавалі, да прыкладу, у кампаніі па імпічменце прэзідэнта Румыніі Бэсэску ў 2012 годзе (Траян Бэсэску, прэзідэнт Румыніі з 2004 па 2014 год. ― Еўрарадыё). І яны актывізаваліся менавіта з нагоды беларускай тэматыкі. Яны вельмі зацікаўленыя тым, што адбываецца ў Беларусі, цікавіцца яе палітычным полем і гэтак далей. Пакуль незразумела, што гэта, гэта адбываецца таму, што гэтыя людзі ўжо атрымалі нейкую замову ці яны, бачачы вал негатыву ў расійскіх СМІ адносна Беларусі, думаюць, што яны атрымаюць гэтую замову. У любым выпадку, гэта цікавая з’ява, бо раней расійскія паліттэхнолагі цікавіліся беларускімі праблемамі, толькі калі іх запрашалі ў Адміністрацыю прэзідэнта ці МЗС. А цяпер яны зацікавіліся самі. І тое, што гэтыя людзі актывізаваліся, азначае, што мы будзем назіраць цікавую і буйную гульню ў самым бліжэйшы час”.

На думку Андрэя Паротнікава, не выключана, што да пачатку будучых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Беларусі з’явіцца новая палітычная сіла ― рэальны прарасійскі палітычны рух, падкантрольны Крамлю. А можа, з’явіцца і палітык з прэзідэнцкімі амбіцыямі і асабістымі добрымі адносінамі з Пуціным, кажа эксперт. І прагназуе, якімі метадамі можа беларуская ўлада “бараніць сваё” ад пагрозы з усходу.

Андрэй Паротнікаў: Так, як гэта рабілася напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі знік шэраг палітыкаў. Іншага варыянту фактычна не застаецца.

Еўрарадыё: Вывозіць у лес?

Андрэй Паротнікаў: Не абавязкова ў лес. Калі тваё інфармацыйнае поле на 2/3 кантралюецца суседняй краінай, калі прэзідэнт суседняй краіны ў тры разы больш папулярны на ўласнага, і калі з’яўляецца новая крэатура гэтага суседа, і яна падтрымліваецца ім непасрэдна, а ў цябе няма абсалютна ніякай пазітыўнай павесткі дня для сваёй краіны і свайго народа, то іншага выйсця не застаецца…”

Цалкам размову з кіраўніком аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэем Паротнікавым і дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пятром Рудкоўскім можна паслухаць тут:

Слухаць ці спампаваць падкаст эфіру ніжэй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі