Суд закрыў адміністрацыйную справу на наведвальніка "Поедем поедим"

Суд закрыў адміністрацыйную справу на наведвальніка "Поедем поедим"

У судзе Мінскага раёна разглядалася адміністрацыйная справа наведвальніка рэстарана "Поедем поедим" Сяргея Нелюба. Справа была пачатая за абразу кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва і Змітра Казакевіча

Суддзя вырашыў, што ў дзеяннях Нелюба няма складу адміністрацыйнага парушэння, піша tut.by. Аднак ён адзначыў, што ў гэтых дзеяннях ёсць прыкметы крымінальнага злачынства. Кастусёў і Захарэвіч пакуль не вырашылі, ці будуць яны падаваць заяву на крымінальны пераслед. 

Здарэнне каля рэстарана адбылося 14 чэрвеня. Абаронцы Курапатаў, якія пікетуюць рэстаран, не прапусцілі машыну Сяргея Нелюба. У адказ ён стаў лаяцца матам, абразіў Кастусёва, і той выклікаў на яго міліцыю. Таксама кіраўнік Партыі БНФ звярнуўся да даішнікаў, якія дзяжурылі каля рэстарана, і папрасіў праверыць у Нелюба наяўнасць тэхагляду. Пасля гэтага інспектары ДАІ аштрафавалі кіроўцу за адсутнасць тэхагляду. Потым участковы, які прыехаў па выкліку, склаў на Нелюба пратакол за абразу, наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме.

На першым пасяджэнні Нелюб у судзе шчыра прызнаўся, што не памятае свае словы ў той дзень, і дапусціў, што мог абразіць Кастусёва. "Я быў у шоку, я не памятаю. Я там мацюкаўся канкрэтна", — заявіў ён.

Тады ж высветлілася, што Нелюба ўжо судзілі за абразу ў 2017 годзе. Суддзя перанёс суд, каб азнаёміцца з папярэдняй справай. 

Другое пасяджэнне адбылося 27 ліпеня. На ім высветлілася, што ў жніўні 2017 года Нелюба аштрафавалі за абразу на 3 базавыя велічыні. А ў кастрычніку яго таксама судзілі за абразу, але справу спынілі за адсутнасцю дзеяння аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Зміцер Казакевіч на судзе распавёў, што Нелюб працягваў лаяцца матам нават пасля прыезду міліцыі.  "Канфлікт ішоў да завяршэння, але грамадзянін Нелюб працягваў крыць матам. Так працягвалася хвілін 20-30, і мяне гэта вельмі шакавала: побач стаяць супрацоўнікі ДАІ, міліцыі, а ён усё роўна лаецца матам. Я падышоў да яго і сказаў: "Смачна есці", ну, раз ён у рэстаран сабраўся. Нелюб стаў крыць мяне матам і самым прыстойным словам у яго было "адсюль", усё астатняе было мацерным. Мяне гэта так абурыла, што я падыйшоў да супрацоўніка міліцыі і сказаў, што таксама зараз напішу заяву на Нялюб, калі адзін пратакол на яго не падзейнічаў", — распавёў Казакевіч.

Суддзя ўдакладніў у Казакевіча, якія абразы выказваў Нелюб: 

— Дзмітрый Уладзіміравіч, вы сказалі, што Нелюб выказваў абразы на адрас Кастусёва ў выглядзе нецэнзурнай лаянкі. Скажыце, якія менавіта? Не прыводзячы цытаты нецэнзурных слоў. Іншыя абразы былі?

— Не, прыстойных слоў не было, толькі нецэнзурныя.

— А на ваш адрас? Усе былі нецэнзурнымі?

— Так, ён выкарыстаў абразлівыя словы, выказаныя нецэнзурнай лаянкай. Даваў непрыстойную ацэнку маёй асобы і асобы Кастусёва.

Аднак суддзя вырашыў, што падставаў для адміністрацыйнай справы няма, бо няма дзеянняў складу адміністрацыйнага парушэння. Ён парэкамендаваў падаць заяву на крымінальную справу. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі