Сто лаўрэатаў стыпендыі прэзідэнта адмовіліся ад яе

Сто лаўрэатаў стыпендыі прэзідэнта адмовіліся ад яе

Ад званняў і прывілеяў адмовіліся сто стыпендыятаў, лаўрэатаў, прэміянтаў і дыпламантаў Спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных студэнтаў і навучэнцаў. 

"Немагчыма насіць званне лаўрэата стыпендыі прэзідэнта, калі прэзідэнт дапускае ў краіне падман і зверскія збіцці сваіх жа суграмадзян", — цытуе TUT.by іх тлумачэнне гэтага ўчынку. 

У сваім лісце маладыя людзі напісалі: "Мы заяўляем: нам сорамна несці гэтае званне. Так здарылася, што беларусы больш не адчуваюць сябе ў бяспецы ў сваёй краіне. Мы не можам спакойна знаходзіцца на вуліцы, мы не можам выказваць сваё меркаванне, у краіне пануе атмасфера абурэння і страху"

Яны кажуць пра маніпуляцыі на прэзідэнцкіх выбарах, ціск на выбарчыя камісіі, непавагу да незалежных назіральнікаў і абуральныя парушэнні выбарчага працэсу. Вынікі прэзідэнцкіх выбараў яны прызнаваць адмовіліся. Таксама маладыя людзі згадалі пра жорсткі разгон мірных пратэстаў і бесчалавечныя ўмовы ўтрымання палітвязняў.  

"Мы патрабуем:

Адстаўкі Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча з пасады прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Вызвалення ўсіх палітвязняў і затрыманых падчас гэтай прэзідэнцкай кампаніі і ў мірных акцый пратэсту, звязаных з ёй.

Спынення гвалту з боку міліцыі, АМАПу і войска на адрас мірных грамадзян.

Спынення пераследу журналістаў незалежных СМІ і скажэння інфармацыі ў дзяржаўных СМІ.

Правядзення новых, сумленных выбараў з допускам міжнародных і незалежных назіральнікаў і празрыстым падлікам галасоў", — пералічваюць яны свае патрабаванні.

Грошы, атрыманыя ад прэзідэнцкага фонду, стыпендыяты абяцаюць па магчымасці пералічыць у фонд падтрымкі рэпрэсаваных, пацярпелых і аштрафаваных.

Па словах аднаго з лаўрэатаў прэміі Уладзіслава Кулікоўскага, усе падпісанты атрымлівалі дапамогу па-рознаму: хтосьці гадамі, хтосьці разава. У некаторых былі льготы на жыллё, у іншых — на паступленне. Таксама фонд даваў прывілеі ў выглядзе запрашэнняў на мерапрыемствы з удзелам вышэйшых асоб дзяржавы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі