Стэфановіч: Для большасці людзей затрыманне было шокам

Еўрарадыё паразмаўляла з праваабаронцам Валянцінам Стэфановічам пра асуджаных удзельнікаў "маўклівых акцый".

Еўрарадыё: Калі рабіць нейкія папярэднія вынікі ўсіх затрыманняў, якія адбываліся ў апошнія два месяцы падчас нетыповых для Беларусі акцыяў “Стоп-бензін” і “маўклівых акцыяў”, што за людзі былі затрыманыя, гэта тыя ж самыя акіывісты, якіх затрымівалі ў папярэднія гады на палітычных акцыях?

Стэфановіч: “Збольшага, гэта людзі новыя. Прынамсі па тых людзях, якія прыходзяць да нас, якім мы дапамагаем напісаць скаргі на вынесеныя пастановы [судоў], я бачу, што гэта людзі незаангажаваныя ў палітычныя партыі, рухі і грамадскія арганізацыі. Гэта ў асноўным моладзь, неабыякавая моладзь”.

Еўрарадыё: Які вы можаце намаляваць "сярэдні партрэт" затрыманага пратэстоўца за гэты час — гэта дзяўчына, хлопец, які ўзрост, працуе ці вучыцца?

Стэфановіч: “Складана вывесці нешта сярэдняе, бо людзі сапраўды розныя, да мяне ўчора звяртаўся хлопец, які працуе на мінскім аўтамабільным заводзе. Быў хлопец, які працуе на трактарным заводзе. Людзі вельмі розныя. Збольшага гэта моладзь да 30 гадоў”.

Еўрарадыё: Ці шмат было асобаў, якіх затрымлівалі два-тры разы за гэты час?

Стэфановіч: “Магчыма, што такія выпадкі ёсць, не магу сказаць. Тыя, што прыходзілі, яны збольшага затрымліваліся ўпершыню і большасць упершыню сутыкнулася з нашай праваахоўнай і судовай сістэмамі. Для большасці людзей гэта быў шок”.

Еўрарадыё: Як людзі рэагавалі? Яны прыходзілі пісаць скаргі, атрымліваецца, што настрой у іх баявы, яны збіраюцца астойваць свае правы?

Стэфановіч: “Так, большасць не прызнавалі сваю віну і не пагаджаліся з тым, што было напісана ў пратаколах аб адміністрацыйных правапарушэннях пра тое, што яны нібыта "лаяліся матам", і такім чынам "парушылі грамадскі парадак". Людзі не пагаджаліся з гэтым, згодныя былі абскарджваць вынесеныя пастановы ў вышэйстаячых судах”.

Фота — Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі