Стэфановіч: Апазіцыянеры "лаяліся", цяпер пакаранне будзе больш "салідным"

Еўрарадыё: Зараз да пікету будзе адносіцца "сумесная масавая прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным грамадскім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) і ў пэўны час для здзяйснення загадзя вызначанага дзеяння ці бяздзеяння, арганізаваная (у тым ліку праз глабальную камп'ютарную сетку Інтэрнэт або іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказвання сваiх грамадска-палітычных настрояў або пратэсту". Як вы можаце ацаніць такія дзеянні Саўміна?

Стэфановіч: “Гэтыя "непрыемнасці" з’яўляюцца ў нас ужо не першы раз. Заканадаўства ў сферы свабод мірных сходаў мянялася некалькі разоў, мы былі сведкамі некалькіх рэдакцыяў. Зараз туды ўносяцца чарговыя змены і гэта, на маю думку, выключна звязана з апошнімі акцыямі. Так бы мовіць, выклікамі для ўлады, на якія яны вырашылі такім чынам адказаць, заканадаўча замацаваўшы такі від мерапрыемства, які можна назваць флэшмобам. Ці нейкае іншае мерапрыемства, якое збіраецца праз інтэрнэт, калі людзі збіраюцца ў адным месцы і робяць нейкае дзеянне або бяздзеянне, што на думку аўтараў законапраекту, відаць, сведчыць пра выказванне выключна свайго пратэсту”.

Еўрарадыё: Атрымоўваецца, зараз трэба браць дазвол, каб проста пастаяць скажам у цэнтры Мінска, бо пікетаванне можа быць і адзіночным?

Стэфановіч: “Безумоўна, яно можа быць і адзіночным. Для таго, каб вы адзін пастаялі і памаўчалі, вам трэба будзе ўзяць дазвол у Мінгарвыканкаме, падаўшы заяўку за 15 дзён да пачатку правядзення мяркуемага вамі мерапрыемства, а таксама да таго ж аплаціўшы выдаткі па ахове грамадскага парадку, медыцынскіх паслугаў і прыборкі тэрыторыі пасля вас. Але і на гэтым вашыя прыгоды не скончацца, паводле закона "Аб масавых мерапрыемствах", мясцовыя органы ўлады маюць права вызначаць месцы, дзе можна праводзіць масавае мерапрыемства, а дзе нельга. А ў Мінску на праспекце Незалежнасці — ад плошчы Незалежнасці да плошчы Перамогі — нельга і на праспекце Пераможцаў таксама, а можна, напрыклад, у парку на плошчы Бангалор. Вось там вы адзін, аплаціўшы ўсе выдаткі і стойце”.

Еўрарадыё: Згодна з новаўвядзеннем, асобы, якія дапусцілі парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства, на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія парушэнні не змогуць выступаць арганізатарамі масавага мерапрыемства. Гэта таксама новы пункт. Ці ён моцна ўскладняе арганізацыю масавых мерапрыемстваў?

Стэфановіч: "Паводле закона і так складаная працэдура правядзення масавых мерапрыемстваў. Я б не сказаў, што гэта нешта новае, бо заканадаўства ў гэтай сферы настолькі складана рэгулюе рэалізацыю свабод мірных сходаў у Беларусі, што масавыя мерапрыемствы грамадзяне ўжо даўно праводзяць без усялякіх дазволаў. Таму людзей як хапалі на вуліцы, так і будуць хапаць, на жаль”.

Еўрарадыё: “Забараняецца правядзенне адначасова некалькіх масавых мерапрыемстваў у адным месцы ці па адным маршруце руху”. Атрымоўваецца, што пры правядзенні скажам тых самых “маўклівых акцыяў”, напрыклад, дыскатэкі БРСМ могуць стаць перашкодай для правядзення акцыі?

Стэфановіч: “Безумоўна, гэта робіцца для такіх выпадкаў. У звязку з гэтым варта звярнуць увагу на адзін пункт, у якім напісана, што “арганізатарамі масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца па рашэнні дзяржаўных органаў, могуць выступаць арганізацыі, у тым ліку дзяржаўныя органы, а таксама грамадзяне, упаўнаважаныя прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь або мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі на арганізацыю і правядзенне гэтых масавых мерапрыемстваў”. Атрымліваецца, што гэта можа быць не толькі дзяржаўныя, мясцовыя органы ўлады ці Савет міністраў, а нейкія грамадзяне, якія былі ўпаўнаважаныя. Таксама я думаю, што гэта будзе выкарыстоўвацца і падчас выбараў, калі які-небудзь грамадзянін будзе ўпаўнаважаны правесці нейкае масавае мерапрыемства на даручэнне Савета мінстраў і прэзідэнта, які адначасова ў нас будзе і кандыдат у прэзідэнты”.

Еўрарадыё: Калі раней удзельнікаў маўклівых пратэстаў затрымоўвалі, яны маглі неяк абскардзіць факты затрымання, то цяпер фактычна выходзіць, што няма магчымасці абскардзіць затрыманне згодна з дзейсным заканадаўствам. Абараніць свае правы па заканадаўстве, атрымоўваецца, робіцца проста немагчыма?

Стэфановіч: “Абвінаваціць вас могуць не толькі ў тым, што вы стаялі і ў думках выказвалі свой пратэст, а ў тым, што вы нецэнзурна лаяліся, пры гэтым публічна на праходзячых грамадзянаў. Зараз, пасля гэтых зменаў, ужо не будуць больш абвінавачваць людзей у тым, што яны "нецэнзурна лаяліся", а проста будуць пісаць, што яны "прымалі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" — гэта неяк больш салідна выглядае. З іншага боку, абскардзіць у вас права ёсць, іншая справа, які вынік будзе”.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі