Атэстацыю ў кваліфікацыйнай камісіі міністэрства юстыцыі не прайшлі тры адвакаты са Стаўбцоўскага раёна. Як паведамляюць праваабаронцы "Вясны", гэта ўсе адвакаты, што ёсць у раёне.
Такім чынам, на Стаўбцоўшчыне, дзе пражывае больш за 40 000 чалавек, адвакатаў больш няма.
Як распавядала Еўрарадыё, таксама не прайшлі атэстацыю адвакаты Уладзімір Пыльчанка і Віктар Мацкевіч, якія абараняюць інтарэсы Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Алеся Бяляцкага ды шэрагу іншых палітвязняў.
На сёння ў Беларусі ёсць шасцёра палітзняволеных адвакатаў, некаторыя сталі фігурантамі крымінальных і адміністрацыйных справаў. Улады пазбавілі ліцэнзій больш за 70 адвакатаў, каля 250 самі сышлі з адвакатуры пасля падзеяў 2020 года.