Сталі вядомыя падрабязнасці гібелі беларускага паралімпійца ў Аўстрыі
Сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці гібелі беларускага паралімпійца на чэмпіянаце свету ў Аўстрыі.
Як распавядала Еўрарадыё, 33-гадовы вазочнік з Ліды Дзмітрый Рышкевіч адправіўся на чэмпіянат свету па акадэмічным веславанні. 21 жніўня на афіцыйнай трэніроўцы ён патануў.
Паводле інфармацыі TUT.by, трагедыя адбылася каля 13:00, праз 20 хвілін пасля пачатку трэніроўкі на вяслярным канале на Дунаі. Лодка беларуса перакулілася. Гэта заўважылі ратавальнікі і адразу накіраваліся да месца здарэння. Нейкі час яны бачылі, што Рышкевіч трымаецца за лодку, але потым ён яе адпусціў і знік пад вадой. Знайсці яго цела ўдалося толькі праз тры гадзіны.
Паліцыя Аўстрыі займаецца расследаваннем трагедыі, таму невядома, калі цела спартоўца даставяць у Беларусь. Ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама кажуць, што ў Рышкевіча былі расшпіленыя рамяні. "Дый лодка проста так не можа перакуліцца — там усталяваныя стабілізуючыя паплаўкі", — дадаюць чыноўнікі.
У прэс-рэлізе паліцыі Верхняй Аўстрыі гаворыцца, што стабілізуючыя паплаўкі ў лодцы з нейкай прычыны былі паламаныя. Гэта і магло стаць прычынай трагедыі: лодка стала нестабільнай і перакулілася. "Вясляр змог вызваліцца ад засцерагальнікаў на сядзенні і на нагах. Калі паліцыя прыбыла ў 13.30, пашкоджаная вяслярная лодка ўсё яшчэ плавала на паверхні вады. Яна была дастаўленая на бераг пажарнай камандай", — адзначаюць у паліцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.