Вы тут

Спрэчкі з ябацькамі і "нейтраламі" — не безнадзейная справа: каментар псіхолага

Псіхолаг упэўнены, што з ябацькамі і нейтраламі трэба размаўляць, яны не безнадзейныя / фота ***.by

Канструктыўная размова — гэта не пра сведак секты "дэнацыфікацыі" і "дэмілітарызацыі" Украіны. Прыхільнікі расійскай агрэсіі зарэкамендавалі сябе непрабівальнымі zомбі, якія паўтараюць мантры прапагандыстаў і не могуць у простую логіку.

А як размаўляць на тэму вайны з "нейтраламі", якія адмахваюцца ад палітычных пытанняў? Маўляў, мяне гэта не датычыцца, я ва ўсіх вашых справах не прымаю ўдзелу.

— Я часта сустракаюся з такімі беларусамі. Я паказваю на канкрэтных прыкладах, што калі не будзеш удзельнічаць, то цябе гэта закране, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё прафесар-псіхолаг Уладзімір Янчук. — Трэба старацца скрупулёзна даказваць нейкія рэчы і рабіць іх відавочнымі [ў размове з ябацькамі і "нейтраламі". — Еўрарадыё].

Я, напрыклад, выкарыстаў такі метафарычны прыём. Ваш сусед знізу прыйшоў да вас, збіў і звязаў вас, адключыў водаправод. На ваша здзіўленае "чаму?" ён адказаў "а раптам вы мяне затопіце вадой? Для таго каб Вы мяне не затапілі вадой, я вырашыў здзейсніць прэвентыўныя дзеянні". І калі я гэты прыклад прыводжу ябацьку, то ён пачынае чухаць за вухам.

Я кажу: чым аргументацыя расійскага кіраўніцтва адрозніваецца ад гэтага прыкладу? Аказваецца, нічым. І чым больш такіх простых сітуацый вы будзеце знаходзіць, чым больш вы будзеце ставіць у тупік патэнцыйнага апанента, тым больш у вас шанцаў на тое, каб пераканаць яго.

— Гэтая дарога вельмі доўгая. Не трэба разлічваць на тое, што вы сказалі нешта і вам адразу павераць. Але кропля камень точыць. І чым больш вы размаўляеце, чым больш вы ўскосна, фактамі ставіце ў тупік свайго партнёра, тым больш шанцаў у вас на тое, што вочы і вушы ў яго адкрыюцца, — падкрэслівае псіхолаг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.