Справу Генадзя Шульмана да гэтага часу не перадалі ў суд

Дырэктар буйнога канцэртнага агенцтва па-ранейшаму знаходзіцца ў следчым ізалятары, а пракурорам забаранілі пра гэта гаварыць Арыштаваны 6 кастрычніка дырэктар канцэртнага агенцтва “Клас Клуб” Генадзь Шульман дагэтуль знаходзіцца ў СІЗА горада Жодзіна. Пра гэта Еўрарадыё расказала яго жонка  Святлана.

Святлана: “Ён знаходзіцца ў СІЗА ў Жодзіне. І я з ім не сустракалася”.

Казаць штосьці яшчэ альбо каментаваць дзеянні праваахоўных органаў жанчына адмовілася. Не ведае яна нічога і наконт таго, калі будзе суд на Генадзем.

У судзе Савецкага раёна Мінска паведамілі, што да іх яшчэ справа Шульмана не прыходзіла. Хоць і запэўнілі, што разглядацца яна мусіць у іх.

Чаму справу дагэтуль не перадалі ў суд, Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў пракуратуры Савецкага раёна Мінска. Але там сказалі, што ім забаронена хоць штосьці казаць пра Генадзя Шульмана.

Пракуратура Савецкага раёна: “Мне сказалі адказваць: “Без каментароў”. На гэты конт нічога не казаць. Па гэтай справе не даюцца ніякія каментары”.

Як паведамлялася раней, санкцыю на арышт і заключэнне пад варту Генадзя Шульмана выдала пракуратура Мінска. У дачыненні да яго была распачатая крымінальная справа за махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры. Паводле гэтага артыкулу яму і было прад’яўлена абвінавачанне. Вядомаму ў свеце шоў-бізнесу прадпрымальніку пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Следчыя ўпраўлення ўнутраных спраў Савецкага раёна завяршылі папярэдняе следства ў адносінах да Шульмана яшчэ 12 кастрычніка.

Тое, што справу да гэтага часу не перадалі ў суд, на думку юрыста Гары Паганяйлы, можа тлумачыцца толькі тым, што следства працягваецца. Толькі цяпер ужо пракуратурай.

Гары Паганяйла: “Яны маглі забраць справу сабе — з улікам складанасці альбо якіх іншых абставінаў па справе. І займацца далейшым расследаваннем справы, не перадаючы яе ў суд. Магчыма, лічаць, што недастаткова сабрана доказаў альбо што тыя доказы, якія ёсць, не вельмі моцныя, і іх трэба пераправерыць, дапоўніць нейкімі матэрыяламі”.

Трымаць жа ў такім выпадку Шульмана ў СІЗА могуць і паўтара года, не перадаючы справу ў суд.

Гары Паганяйла: “Следства ў нас абмежавана па часе, і ўтрыманне пад следствам у месцах абмежавання свабоды таксама абмежавана. Але гэтыя абмежаванні вельмі шырокія. Раённы пракурор можа працягнуць да трох месяцаў расследаванне па справе. Да шасці месяцаў можа працягнуць пракурор вобласці альбо горада Мінска. Намеснік генеральнага і генеральны пракурор могуць працягнуць следства да паўтара года. А калі справа складаная, то і ў судзе яна можа слухацца да года”.

А адмаўленне пракуратуры даваць любыя каментары па справе, адзначае юрыст, можа сведчыць пра тое, што следчыя спрабуюць дамовіцца з Шульманам наконт нейкага кампрамісу.

Фота: http://telegraf.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі