Улады вырашылі істотна падняць падаткі для індывідуальных прадпрымальнікаў з 1 студзеня. Гэта негатыўна адаб’ецца на гаманцах беларусаў, якія набываюць у ІП тавары ці паслугі.
Еўрарадыё разбірае з эканамістам, чаму добрага ад змен для ІП чакаць не варта.
З 1 студзеня ў Беларусі адменена спрошчаная сістэма падаткаабкладання для ІП. Яна дазваляла плаціць 6% ад выручкі. Цяпер ІП павінны выбіраць: пераходзіць на агульную сістэму падаткаабкладання ці на адзіны падатак. У першым выпадку трэба будзе плаціць падатак на прыбытак у памеры 20%. У 2022 годзе ён складаў 16%. Адзіны падатак для розных відаў дзейнасці розны, але стаўкі гэтага падатку павялічваюцца ў 1,5-3 разы. Таксама ўлады значна скарацілі спіс тых, хто можа ім карыстацца.
Барацьба з наступствамі, а не з праблемай
Прывядзе гэта толькі да аднаго выніку — будуць расці кошты на тавары і паслугі для насельніцтва Беларусі, лічыць навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазаль. Калі растуць выдаткі прадпрымальнікаў, канешне, ІП вымушаныя падымаць цэны.
— Масавага закрыцця ІП не будзе, людзям трэба неяк сябе ўтрымліваць, асабліва ў невялікіх населеных пунктах, таму чаканы рост падатковай нагрузкі на ІП адаб'ецца найперш на спажыўцу.
Адмену спрошчанага рэжыму для ІП трэба разглядаць у комплексе з іншай праблемай — так званае драбненне бізнесу буйнымі кампаніямі, да якога ўзніклі прэтэнзіі з боку падатковых органаў. Для памяншэння падатковай нагрузкі буйныя кампаніі, напрыклад, дэвелаперы, ствараюць серыю ІП са спрошчанай сістэмай падаткаабкладання, што дазваляе істотна скараціць падатковую нагрузку на буйны бізнэс. І як заўсёды замест таго, каб змагацца з прычынай, беларускія ўлады змагаюцца з наступствамі — вырашылі адмяніць спрошчаны рэжым увогуле для ўсіх ІП.
“ІП могуць быць асноўнай крыніцай заробку для сем'яў”

Калі Лукашэнка ў чарговы раз робіць напады на ІП і улады ўскладняюць ім умовы для працы, трэба разумець, што гаворка ідзе пра 268,1 тысяч беларусаў. Праз ліквідаванне спрошначанай сістэмы падаткаабкладання стане цяжэй не толькі пакупнікам, але і сем’ям іпэшнікаў, якіх Лукашэнка марыць знішчыць як клас.
— ІП і ў цэлым малое прадпрымальніцтва разглядаецца як істотны фактар занятасці насельніцтва, гэта ягоная галоўная функцыя ў эканоміцы. Ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы ў 4,22 мільёна чалавек ІП складаюць 6,3 адсоткаў. Яшчэ каля 25 адсоткаў ад сваёй колькасці ІП прыцягваюць па грамадзянскіх дамовах. Атрымліваем, што ІП ствараюць каля 8 адсоткаў працоўных месцаў у эканоміцы Беларусі.
ІП — гэта ў асноўным беларускія грамадзяне, якія валодаюць невялікімі крамкамі, месцамі на міні-рынках, рамонтнымі майстэрнямі або СТА. І калі ў абласных цэнтрах ці горадзе Мінску іх роля не настолькі вялікая, то ў малых гарадах і сельскіх населеных пунктах, ІП могуць быць асноўнай крыніцай заробку для многіх сем'яў, — працягвае Алег Мазаль.
А як жа рэгуляванне цэн?

У Беларусі працягвае дзейнічаць рэгуляванне цэн, каб яны занадта не раслі. Атрымліваецца, гэта супярэчыць рашэнню аб павышэнні падаткаў, якое прывядзе да росту цэн.