Спартовыя трэнеры і інструктары могуць страціць працу. Што адбылося і як быць?

Ёгай давядзецца займацца дома

Ёгай давядзецца займацца дома / pixabay.com

"Калі пасля 1 студзеня трэнер па ёзе (і многіх іншых відах спорту) будзе працягваць працаваць без акрэдытацыі, гэта прыраўняюць да занятку незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю". Пра гэта папярэджвае начальнік аддзела фізічнай культуры Міністэрства спорту Пётр Воран, якому Еўрарадыё патэлефанавала ад імені нашай слухачкі Анастасіі.

Дзяўчына баіцца закрыцця студыі ў Мінску, у якой працуе трэнер, што атрымаў адукацыю не ў Беларускім універсітэце фізічнай культуры, а на практычных семінарах у Індыі.

Прычынай клопату стала ўвядзенне дзяржаўнай акрэдытацыі на права весці заняткі развіццём фізічнай культуры і спорту. Па законе да канца 2023 года яе павінныя атрымаць і фітнес-клубы, і трэнажорныя залы, і супрацоўнікі розных спартовых секцый, і самі трэнеры. Асноўнае патрабаванне — наяўнасць беларускага дыплома па спецыяльнасці "Трэнер па спорце".

Як успрымаюць гэтыя ўмовы спартоўцы і чыноўнікі? Як быць, калі трэнер не мае запаветнага дзяржаўнага дакумента, але можа пахваліцца пры гэтым і сваімі рэкордамі, і рэкордамі сваіх выхаванцаў? А што рабіць, калі атрымліваў адукацыю за мяжой, і навошта наогул дзяржава вырашыла чарговым разам ускладніць жыццё сваім грамадзянам?

Еўрарадыё паспрабавала знайсці адказы на гэтыя і іншыя пытанні.

 

Што кажуць у Міністэрстве спорту і турызму

— Калі нарадзіўся такі закон, значыць былі пытанні, — перакананая кансультантка аддзела спартовага рэзерву Іна Лабкова, у якой Анастасія пытае, што стане са спартоўцамі, якія не атрымаюць дзяржаўнай акрэдытацыі і не пацвердзяць свайго звання трэнера.

Спецыялістку бянтэжаць спартоўцы, якія трэніруюцца без допуску да выкладчыцкай дзейнасці, маўляў, хто яны наогул такія? Абараняючы свой пункт гледжання, суразмоўніца прыводзіць асабісты прыклад:

— У мяне два дыпломы: фізкультурны і эканамічны. Я ведаю ўсю анатомію, фізіялогію. У мяне ў дыпломе напісана, кім я магу працаваць. Я магу працаваць трэнерам, бо я ведаю методыку падрыхтоўкі, я ведаю на памяць вучэбную праграму — дзейную і папярэднюю, я ведаю правілы судзейства спаборніцтваў і гэтак далей. Як працуюць людзі без дыплома? Вы ж разумееце…

У той жа час жанчына ўспамінае, што многія яе былыя аднакурснікі працуюць сёння не па тых відах спорту, якім вучыліся ў ВНУ. Атрымліваецца, што ўсім гэтым спартоўцам давядзецца зноў ісці вучыцца? Нягледзячы на ўсе заслугі і дасягненні, абы ў паперцы было пазначана, што яны трэніруюць менавіта ў той сферы, у якую прыйшлі пасля атрымання дыплома? Са слоў спецыялісткі, гэта не так.

— Галоўнае, каб у вас быў допуск да занятку педагагічнай дзейнасцю ў адпаведнасці з пастановай №3 Міністэрства спорту. Паглядзіце, што напісана ў дыпломе — спецыялізацыя, кваліфікацыя. Калі вы заканчвалі Універсітэт культуры, там павінен быць і допуск.

— Зразумела, што гэтыя спартоўцы знаходзяцца ў ізаляцыі, — дапаўняе калегу шматразовы чэмпіён і ўладальнік Кубка Беларусі, экс-трэнер гандбольнага клуба "Віцязь" Канстанцін Якаўлеў. — Ім няма куды расці і імкнуцца. Будзе пэўны ўзровень чэмпіянатаў краін СНД. Вышэй не скокнеш. Калі правесці апытанне сярод замежнікаў, вельмі маленькі працэнт адкажа, маўляў спорт па-за палітыкай, хай удзельнічаюць. Чым больш у цябе моцных супернікаў і ты бярэш удзел у спаборніцтвах розных краін свету, тым хутчэй ты расцеш і мацнейшым становішся. А тут расці ў прынцыпе няма куды.

Атрымліваецца, што цяпер мы назіраем як за знешняй, так і за ўнутранай ізаляцыяй.

 

Ці будзе новы адток спартоўцаў за мяжу?

На думку Віталя Рака і Канстанціна Якаўлева, пасля ўвядзення абавязковай акрэдытацыі ахвочых пакінуць краіну дадасца. Іншае пытанне — гэта магчымасці, якіх становіцца ўсё менш. Суразмоўцы Еўрарадыё перакананыя, што адток беларусаў і перспектыва дэмаграфічнай катастрофы турбуюць Лукашэнку. Сёння галоўная мэта рэжыму — утрымаць беларусаў дома і максімальна іх кантраляваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі