“Сонечны”, МКАД, “Бульбаш-хол”: што будавалі ў Курапатах і чым гэта скончылася

“Сонечны”, МКАД, “Бульбаш-хол”: што будавалі ў Курапатах і чым гэта скончылася

На нарадзе 14 траўня Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне да 2021 года пабудаваць Нацыянальны выставачны цэнтр. Пад будаўніцтва вылучаная пляцоўка паміж гандлёва-забаўляльным цэнтрам "Экспабел" і ўрочышчам Курапаты — месцам сталінскіх расстрэлаў у 1930-я.

Выставачны цэнтр — не першая будоўля ля Курапатаў. У розны час там збіраліся будаваць жылы мікрараён, бізнес-цэнтр; там узнік забаўляльны комплекс, урочышча перажыло пашырэнне мінскай кальцавой. Еўрарадыё ўзгадвае гэтыя праекты і распавядае, чым яны скончыліся.

 

2001–2002. Пашырэнне МКАД

У верасні 2001-га з паўднёвага боку Курапатаў з’явіліся бульдозеры — улады пачалі будаўнічыя працы па пашырэнні МКАД з дзвюх палос да шасці. Грамадская супольнасць сустрэла будоўлю пратэстамі. Працам дарожнікаў перашкаджалі актывісты “Маладога фронту”, Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ ды іншых арганізацый. На месцы пратэстоўцы разбілі лагер — трымалі варту нават узімку. Яна працягвалася 250 дзён — да чэрвеня 2002 года — і суправаджалася сутычкамі з супрацоўнікамі міліцыі і затрыманнямі.  

Негледзячы на ўсё гэта, кальцавую такі пашырылі. Цяпер дрэвы Курапатаў пачынаюцца ўшчыльную да МКАД. Раней паміж дарогай і лесам стаялі крыжы, але ў красавіку 2019 года будаўнікі прыбралі іх і абнеслі ўрочышча плотам.

 

2003. Пасёлак “Сонечны”

Элітны катэджны пасёлак “Сонечны” мусіў з‘явіцца з усходняга боку ад Курапатаў — усяго ў 20 метрах ад крыжоў. Будаўнікоў з беларуска-нямецкага прадпрыемства “Хорнбахер і Боль” урочышча сустрэла пратэстамі грамадскіх актывістаў.

Будоўлю атрымалася перапыніць. Пасёлак “Сонечны” ў выніку паўстаў у іншым месцы: яго крыху перанеслі на поўнач, праз дарогу ад таго месца, дзе катэджы мусілі з’явіцца першапачаткова.

“Сонечны”, МКАД, “Бульбаш-хол”: што будавалі ў Курапатах і чым гэта скончылася

2012. “Бульбаш-хол”

Увосень 2012 года з заходняга боку Курапатаў пачалі будаваць рэстаранны комплекс “Бульбаш-хол”. Грамадства зноў пратэстуе і сцвярджае, што забудоўшчык парушыў заканадаўства — будаўнічыя працы праходзяць на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў. З гэтым пагадзілася Генеральная пракуратура Беларусі: напрыканцы года ў Мінаблвыканкам было накіраванае прадстаўленне аб “ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”.

Аднак будоўлю не прыбралі — яе проста закансервавалі. А ў 2013-м і 2014-м камісія Міністэрства культуры “ўзаконіла” будоўлю — прыняла шэраг рашэнняў, згодна з якімі межы ахоўнай зоны Курапатаў былі скарочаныя.

 

2017. Бізнес-цэнтр

У лютым фірма “Белрэканструкцыя” пачала ўзводзіць бізнес-цэнтр з боку Зялёнага Лугу — праз дарогу ад Курапатаў. Як толькі вакол будаўнічай пляцоўкі з’явілася агароджа, да яе падцягнуліся грамадскія актывісты. Нягледзячы на мінусавую тэмпературу і снег, яны пачалі кругласутачную варту. Актывісты клаліся пад будаўнічую тэхніку, прыкоўвалі сябе кайданкамі да МАЗаў.

“Сонечны”, МКАД, “Бульбаш-хол”: што будавалі ў Курапатах і чым гэта скончылася
Грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч залез на экскаватар, пратэстуючы супраць будаўніцтва бізнес-цэнтру / nn.by

Кіраўніцтва “Белрэканструкцыі” пайшло насустрач пратэстоўцам. Пасля сустрэчы з лідарам актывістаў Змітром Дашкевічам кампанія прыняла рашэнне спыніць будаўніцтва бізнес-цэнтра. Акцыянер “Белрэканструкцыі” Ігар Анішчанка пагадзіўся, што Курапаты — месца памяці і што будаваць там бізнес-цэнтр — блюзнерства.

 

2018. “Поедем поедим” — “Бульбаш-хол 2.0”

5 чэрвеня, праз 5 з паловай гадоў пасля кансервацыі, забаўляльны комплекс “Бульбаш-хол” быў дабудаваны і запрацаваў пад назвай “Поедем поедим”. За некалькі дзён да адкрыцця грамадскія актывісты пачалі ладзіць вакол комплекса акцыі пратэсту. Перад яго ўваходам ужо амаль год “працуе” так званая “Курапацкая вахта”: актывісты сустракаюць наведвальнікаў рэстарана і распавядаюць ім пра тое, што адбывалася ў Курапатах у 1930-я.

“Сонечны”, МКАД, “Бульбаш-хол”: што будавалі ў Курапатах і чым гэта скончылася
svaboda.org

Пазіцыя ўласнікаў рэстарана палягае ў тым, што ён пабудаваны без парушэнняў. А крыжы, усталяваныя актывістамі на ўскрайку курапацкага лесу, у пачатку красавіка 2019 года прыбраў Бараўлянскі лясгас.

 

2019. “Нармалізацыя” Курапатаў

Раніцай 4 красавіка супрацоўнікі Бараўлянскага лясгаса пад аховай АМАПу зносяць і вывозяць у невядомым накірунку каля 70 крыжоў, якія ў мінулым годзе ўсталяваў актывіст Зміцер Дашкевіч і яго паплечнікі. “Прыборка” крыжоў прыводзіць да сутычак з міліцыяй — затрымліваюць 15 актывістаў. “Планавым працам Бараўлянскага лясгаса па добраўпарадкаванні ляснога фонду” папярэднічала заява супраць крыжоў у Курапатах, якую падчас “Вялікай размовы” 1 сакавіка зрабіў Аляксандр Лукашэнка:

"Прывядзём Курапаты ў парадак, каб там не было дэманстрацыі з крыжамі па перыметры. Ну навошта вы там павыставілі гэтыя вось белыя крыжы? Вам што, царква дазволіла гэта рабіць? Гэта ж дэманстрацыя. А я супраць такой дэманстрацыі".

Выканаўчыя ўлады ўспрынялі словы кіраўніка краіны як карт-бланш і прыгналі ў Курапаты будаўнічую тэхніку. Выкарчоўванне крыжоў выклікала шырокі рэзананс у СМІ, але не масавыя пратэсты: сістэмная беларуская апазіцыя перажывае крызіс.

“Сонечны”, МКАД, “Бульбаш-хол”: што будавалі ў Курапатах і чым гэта скончылася
euroradio.fm

Ацаніўшы рэакцыю грамадства на частковае знішчэнне народнага мемарыяла ў Курапатах, улады вырашылі абвясціць пра новую будоўлю ў тым раёне?

 

2019–2021. Нацыянальны выставачны цэнтр

Гэта падобна да праўды. Кіраўнік Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч распавёў, што праект выставачнага цэнтра каля Курапатаў з'явіўся яшчэ ў 2012 годзе, але рэалізоўваць яго ўзяліся толькі зараз.

Мяркуецца, што цэнтр не закране ахоўную зону мемарыяла. Але калі спатрэбіцца, дык Аляксандр Лукашэнка сваім указам можа змяніць ахоўную зону. Адбудзецца гэта ці не — будаўнікам варта чакаць пратэстных акцый. Без іх яшчэ не абыходзілася ніводная будоўля каля Курапатаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі