"Смс-тэрарыст" з метро можа пазбегнуць пакарання (абноўлена)

“У цяперашні час “Мінсктранс” праводзіць разлікі стратаў, нанесеных метрапалітэну і пасажырскаму наземнаму транспарту, з улікам учорашняга збою. Падазраванаму будзе выстаўлены адпаведны пазоў”, — гаворыць прэс-сакратар КДБ Артур Стрэх.

26 лютага прыкладна а 15-й гадзіне перастаюць працаваць абедзве лініі мінскага метро, усе станцыі і пераходы зачыненыя для пасажыраў. У горадзе транспартны калапс — аўтобусы, трамваі і тралейбусы ледзь спраўляюцца з патокам пасажыраў. Таксісты ўзнімаюць кошты. “Ізноў вучэнні”, — злуюцца мінчане. Праз гадзіну пасля закрыцця метро міліцыя афіцыйна заяўляе: ёсць сігнал аб магчымым мініраванні станцый, тэрарыста шукаюць.

35-гадовага жыхара Мінскай вобласці і ўраджэнца далёкай Караганды знаходзяць каля 18-й гадзіны. Мужчына нібыта едзе ў метро і набірае на тэлефоне тэкст смс, дзе паведамляе аб мініраванні метро. Пільная суседка-студэнтка паведамленне прачытала і расказала дзяжурнаму міліцыянеру.

Паводле афіцыйнага паведамлення, міліцыянты і супрацоўнікі КДБ праводзяць "комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, у тым ліку з выкарыстаннем сучасных тэхнічных сродкаў".

Цяпер тэлефонны тэрарыст нібыта знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Гаворыць, што проста хацеў пажартаваць. У КДБ падрабязнасцяў справы не раскрываюць, адсылаюць у Следчы камітэт. А там пакуль не вызначыліся, паводле якога артыкула прыцягваць жартаўніка да адказнасці. У Крымінальным кодэксе ёсць артыкул 340 “Заведама непраўдзівае паведамленне аб небяспецы”. Па ім можна і атрымаць штраф, і “загрымець” у калонію на пяць гадоў. У залежнасці ад памеру нанесенай шкоды.

З іншага боку, незразумела, каму дасылалася смс і ці было паведамленне ўвогуле дасланае. Юрыст Тамара Сідарэнка гаворыць, што калі тэкст паведамлення быў толькі набраны на экране тэлефона, караць няма за што.

“Увогуле, магчыма, і нельга яго прыцягнуць. Ёсць такое паняцце — замах на здзяйсненне злачынства. І ёсць паняцце — добраахвотная  адмова ад здзяйснення злачынства. Вось я набрала тэкст смс, а потым у апошні момант вырашыла: ды ну яго… То бок я своечасова адмовілася. І я нічога не зрабіла, каб паведаміць аб мініраванні”.

Калі ж смс было даслана — пакарання будзе цяжка пазбегнуць. Прычым няважна, хто атрымаў паведамленне. Калі яно адрасавалася сябру, а той пра бомбы ў метро не паведаміў у міліцыю — можа стаць саўдзельнікам “тэрарыста”. Па прыклад далёка хадзіць не трэба.

UPD

А 18-ай гадзіне Следчы камітэт распаўсюдзіў інфармацыю аб узбуджэнні крымінальнай справы па 340-ым артыкуле КК РБ. Як даведалася Еўрарадыё, падазраваны па-ранейшаму знходзіцца ў СІЗА КДБ, аднак абвінавачванняў яму пакуль не прад'яўлялі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі