Вы тут

Службовец браў хабар з будаўнікоў арматурай і дровамі

Службовец браў хабар арматурай і дровамі / pixabay.com

Службоўца з Вілейкі асудзілі за выкарыстанне службовага становішча. За хабар ён дапамагаў будаўніча-мантажным арганізацыям з двух раёнаў Мінскай вобласці, піша газета "Шлях перамогі" са словаў пракурора Вілейскага раёна Вадзіма Шукрынава.

59-гадовы жыхар Лагойскага раёна працаваў галоўным спецыялістам аднаго з сектараў Мінскага абласнога ўпраўлення меліярацыі і тэхнічнага нагляду дзяржаб'яднання "Белводгас". Ён мусіў наглядаць за якасцю будаўніча-мантажных работ і правяраць іх адпаведнасць праектнай дакументацыі, а таксама нарматыўна-прававым актам. Таксама ён правяраў правільнасць афармлення тэхналагічнай дакументацыі.

З 2018-га па 2020 год ён браў хабар ад прадстаўнікоў будаўніча-мантажных арганізацый Мядзельскага і Маладзечанскага раёнаў. Ад яго патрабавалася проста паставіць подпіс на неабходных паперах, не правяраючы аб'ём выкананых работ і дакументацыю.

Хабар службовец браў не грашыма, а "натурай": металічнай арматурай, піламатэрыяламі, дровамі, аўтамабільным палівам, прадуктамі. Самы невялікі хабар каштаваў 69,2 рубля, самы буйны — 403,9 рубля.

Следства выявілапяць карупцыйных эпізодаў. Прычым затрыманне адбылося акурат падчас апошняга з іх. 23 верасня мінулага года службоўца затрымалі ў аграгарадку Ілья Вілейскага раёна падчас атрымання хабару. Тады яго "ганарар" склаў дзве бутэлькі каньяку "Арарат" і бляшанку кавы.

На судзе мужчына прызнаў сваю віну. Яго асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 8700 рублёў (300 базавых велічынь). Таксама ён на 4 гады пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем юрыдычна значных дзеянняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.