Вы тут

Скідзельскую мастачку судзяць за "цынічныя выявы ў выглядзе бусла"

Андрэй Апанасовіч і Крысціна Палтавец / harodniaspring.org

10 лютага ў судзе Гродзенскага раёна пачаўся разгляд крымінальнай справы жыхароў Скідзеля Крысціны Палтавец і Андрэя Апанасовіча. Як паведамляюць праваабаронцы, абаіх вінавацяць у апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (артыкул 341 КК).

У справе фігуруе каля 20 розных эпізодаў. 

Ад канца жніўня і да 21 снежня 2020 года мастачка Крысціна Палтавец рабіла малюнкі ў розных мясцінах Скідзеля, а таксама на прыпынках і мастах Гродзенскага раёна, у вёсках і пасёлках Саволеўка, Бірулічы, Сухаўляны, Абухава. Дзяўчына не пісала ніякіх заклікаў, не малявала штосьці непрыстойнае. Больш за тое — яна нават замалявала некалькі нецэнзурных надпісаў.

Палтавец малявала выявы буслоў, катоў, дзяўчат з бел-чырвона-белымі валасамі, герб “Пагоні”, бел-чырвона-белыя ялінкі. Таксама яна рабіла надпісы салідарнасці “Жыве Беларусь!”, “Далучайся!”, “Я выхожу”, малявала выяву Рамана Бандарэнкі.

Спярша дзяўчына ездзіла на ровары, але з канца восені яе падвозіў на сваёй машыне Андрэй Апанасовіч. Што праўда, маляваць хлопец не дапамагаў. 

Абаім абвінавачаным выставілі рахунак у 596 рублёў 21 капейку — такую шкоду нібыта атрымалі розныя дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы ад малюнкаў. Штраф быў выплачаны яшчэ да суда.

У першы дзень суда пракурор Цярэшка зачытвала пералік эпізодаў справы. Там фігуравалі “цынічная выява ў выглядзе бусла”, “істотна знізіла эстэтычныя характарыстыкі сценкі плота” і г.д. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.