Швейцарыя з 2007 года правяла 25 рэферэндумаў. Беларусь — 0

Швейцарыя з 2007 года правяла 25 рэферэндумаў. Беларусь — 0

У Швейцарыі прайшоў рэферэндум, на якім насельніцтва адхіліла ініцыятыву правакансерватыўнай народнай партыі аб выдварэнні замежнікаў, якія ўчынілі злачынства. Супраць прагаласавалі амаль 59% выбаршчыкаў.

Прадстаўніца Федэральнага савета краіны Сіманэта Самаруга з гэтай нагоды заявіла:

“Сёння быў вельмі важны дзень для Швейцарыі як для прававой дзяржавы. Сёння швейцарцы і швейцаркі абаранілі вяршэнства закона прамой дэмакратыяй”.

На думку праціўнікаў ініцыятывы кансерватараў, яе рэалізацыя магла б прывесці да дэпартацыі замежнікаў, якія ўжо даўно жывуць у краіне, а таксама і тых, хто нарадзіўся ў Швейцарыі, паведамляе Euronews.

Швейцарыя з 2007 года правяла 25 рэферэндумаў. Беларусь — 0
Агітацыйныя плакаты да рэферэндума ў Швейцарыі. Фота: euronews.com

Швейцарыя — краіна, якая ўсе важныя палітычныя і эканамічныя рашэнні прымае шляхам рэферэндуму. З 2007 да 2015 гады канфедэрацыя пыталася меркаванне насельніцтва такім чынам аж 25 разоў. У ліпені ўлады Швейцарыі з дапамогай плебісцыту спытаюць у жыхароў, ці згодныя яны атрымліваць штомесячны даход у памеры 2,2 тысячы еўра.

Не адстаюць ад Швейцарыі і іншыя краіны Заходняй Еўропы.

Венгрыя, напрыклад, збіраецца праводзіць рэферэндум аб мэтазгоднасці размеркавання бежанцаў па краінах ЕС на аснове прынцыпу “квотаў”. Прэм’ер краіны Віктар Орбан заявіў, што такое рашэнне стала адказам на “грамадскія настроі”:

“Мы перакананыя, што ўвядзенне квотаў на мігрантаў без адпаведнай падтрымкі насельніцтва — гэта перавышэнне ўлады”, — заявіў ён дадаўшы, што кватаванне непазбежна зменіць этнічную, культурную і рэлігійную мапы Еўропы.

Нідэрланды, да прыкладу, сёлета спытаюцца ў людзей ці ратыфікуе каралеўства дамову аб асацыяцыі ЕС з Украінай.

Швейцарыя з 2007 года правяла 25 рэферэндумаў. Беларусь — 0
Улёткі з заклікам галасаваць за правядзенне рэферэндуму па пытанні асацыяцыі Украіны і ЕС. Нідэрланды. Фота: euromaidanpress.com

Улады еўрапейскіх краін часта пытаюцца ў насельніцтва аб рашэнні важных пытанняў, якія тычацца ўзаемаадносінаў з ЕС. Напрыклад, менавіта жыхары Нарвегіі вырашалі, ці варта каралеўству стаць часткай Еўрапейскага саюза. У 1972 годзе 53,5% насельніцтва прагаласавала супраць. Другі раз такі ж рэферэндум праводзіўся ў 1994 годзе. Супраць тады таксама прагаласавала большасць — 52,2%. На цяперашні момант краіна не з’яўляецца чальцом Еўрасаюза.

З 1972 года краіны Заходняй Еўропы правялі больш за 50 рэферэндумаў, звязаных з ЕС.

Сярод апошніх, можна ўзгадаць ліпеньскі плебісцыт у 2015 годзе ў Грэцыі аб згодзе насельніцтва падтрымаць рэжым эканоміі. Тады супраць выказаліся больш за 61% тых, хто мае права голасу.

Час ад часу рэферэндумы з’яўляюцца адзіным законным шляхам атрымаць незалежнасць. Падобны праводзіўся ў Шатландыі 18 верасня 2014 года. Тады 55,3% насельніцтва прагаласавала супраць аддзялення ад Злучанага Каралеўства.

Швейцарыя з 2007 года правяла 25 рэферэндумаў. Беларусь — 0
Агітацыя на розных мовах падчас рэферэндума за незалежнасць Шатландыі. Фота: picturesdotnews.com

Не рэдкія рэферэндумы і ў краінах СНД. 6 снежня 2015 года ў Арменіі 66,2% насельніцтва вырашыла ператварыць краіну з паўпрэзідэнцкай рэспублікі ў парламенцкую.

Часам рэферэндумы праводзяцца і па пытаннях далёкіх ад палітыкі або эканомікі. Так, на Мальце ў красавіку 2015 года праводзіўся рэферэндум аб адмене вясновага палявання на птушак. З невялікай перавагай большасць людзей прагаласавала за захаванне магчымасці паляваць.

Швейцарыя з 2007 года правяла 25 рэферэндумаў. Беларусь — 0
Агітацыя перад рэферэндумам у Беларусі. 1996 год. Фота: Reuters

У Беларусі апошні раз рэферэндум ладзілі больш за 11 гадоў таму — у 2004 годзе. Тады ўлады пыталіся ў насельніцтва, ці дазволіць яно пераабірацца прэзідэнту неабмежаваную колькасць разоў. Станоўча адказалі амаль 88% людзей.

Да гэтага плебісцыты праводзіліся яшчэ двойчы. У 1996 годзе задавалася 7 пытанняў. Прэзідэнт пытаўся аб пераносе дня незалежнасці на 3 ліпеня (за гэтую змену прагаласавала 88,2%), аб унясенні дапаўненняў у Канстытуцыю (ініцыяваных прэзідэнтам) (84%), аб адмене смяротнага пакарання (18%), аб вядзенні свабоднай куплі-продажу сельскагаспадарчых зямель (15,3%). Яшчэ тры пытанні задаваў Вярхоўны савет: аб унясенні зменаў у Канстытуцыю (ініцыяваных парламентам) (9,4%), аб выбарнасці кіраўнікоў адміністрацыі рэгіёнаў (28,2%), аб фінансаванні ўсіх галінаў улады адкрыта і толькі з бюджэту (32,2%).

Годам раней, у 1995 годзе, праводзіўся яшчэ адзін рэферэндум. На ім беларусам задаваліся 4 пытанні: аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай (за гэта прагаласавалі 83,3%), аб змене дзяржаўнай сімволікі (75,1%), аб эканамічнай інтэграцыі краіны з Расіяй (83,3%), аб магчымасці распускаць парламент прэзідэнтам (77,7%).

Разам з гэтым, наша краіна прыняла вялікую колькасць значных эканамічных і палітычных рашэнняў без уліку меркавання насельніцтва. Напрыклад, беларусаў не спыталі, ці хочуць яны ўвайсці ў мытны або ў Еўразійскі эканамічны саюз. Не спыталіся аб адмене чарнобыльскіх ільготаў і аб будаўніцтве Астравецкай АЭС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі