Шуневіч — пра пагоню са стралянінай у Мінску: Міліцыя дзейнічала правамерна

Шуневіч — пра пагоню са стралянінай у Мінску: Міліцыя дзейнічала правамерна

Правамернымі і прафесійнымі назваў міністр унутраных спраў дзеянні міліцыянтаў, якія адкрылі агонь у цэнтры Мінска па кіроўцу "Аўдзі". З такой заявай Ігар Шуневіч выступіў сёння пасля дакладу Аляксандру Лукашэнку.

"Перакананы, што супрацоўнікі дзейнічалі правамерна (гэта само сабой зразумела, ацэнка гэтаму дадзеная) і досыць прафесійна, таму што ніхто не пацярпеў, а гэта самае галоўнае", — прыводзіць БЕЛТА словы кіраўніка МУС. Ён  падкрэсліў, што закон дазваляе ўжываць зброю і спецыяльныя сродкі супраць кіроўцаў-уцекачоў, як толькі яны пачынаюць ствараць небяспеку для іншых удзельнікаў дарожнага руху. 

"Закон дазваляе ўжываць зброю, каб спыніць гэты транспартны сродак, але ў горадзе гэта рабіць патэнцыйна небяспечна. Мы заўсёды зыходзім з таго, што ёсць апошні шанец, апошняя надзея, што той, каго пераследуюць, апамятаецца, спыніцца, здасца на літасць уладаў і не будзе пагаршаць сітуацыю", — патлумачыў Шуневіч. Ён дадаў, што ў 99% выпадках так і адбываецца, а інцыдэнт з "Аўдзі" — абуральны прыклад зваротнай сітуацыі.

Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося 18 верасня. У Мінскім раёне кіроўца "Аўдзі" не спыніўся на патрабаванне інспектараў ДАІ і каля Заслаўя адарваўся ад пагоні. У Мінску аўтамабіль уцекача зноў заўважылі. Пагоня па горадзе была доўгай і безвыніковай. На аўтастаянцы каля гандлёвага цэнтра "Карона" міліцыянты не здолелі заблакаваць аўто і пачалі страляць па ім. Праз нейкі час уцякач сам падчас пагоні ўрэзаўся ў машыны, якія стаялі на вуліцы Жудро. Пасля гэтага ДТЗ яго аўтамабіль ўаблакавалі аўтамабілі ДАІ і затрымалі парушальніка. 

65-гадовы мінчук быў цвярозы і меў правы. За ўцёкі ад міліцыі яго аштрафавалі на 1102,5 рубля (45 базавых). Таксама на парушальніка склалі некалькі пратаколаў за парушэнне ПДР: за праезд на забараняльны сігнал святлафора, выезд на паласу сустрэчнага руху, стварэнне аварыйнай абстаноўкі, невыкананне неаднаразовых патрабаванняў супрацоўнікаў ДАІ спыніцца, рух па тратуарах. За большую частку парушэнняў мужчыну могуць пазбавіць правоў кіроўцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі