Вы тут

Што здарылася на БелАЭС? Усе факты і версіі

БелАЭС / Еўрарадыё

Першага снежня актывісты Беларускай антыядзернай кампаніі забілі трывогу. Па іх інфармацыі, атрыманай з арганізацыі, якая цесна працуе з БелАЭС, пры заканчэнні гідравыпрабаванняў там адбылося буйное надзвычайнае здарэнне. "Праз неадчынены клапан пры адпампоўцы вадкасці ў канцы выпрабаванняў быў пашкоджаны танкер сістэмы аварыйнага ахаладжэння першага рэактара. Хутчэй за ўсё, адбылася імплозія (выбух) бака", — паведамілі яны Еўрарадыё.

Тэлеграм-канал Антона Матолькі апублікаваў яшчэ некалькі сведчанняў:

— скід ціску быў такой сілы, што развярнуў каўпакі клапанаў вагой некалькі сотняў кілаграмаў;

— гэта векі шумапаглынальнікаў скіду пары, так званыя грыбкі. Яны важаць больш за 300 кілаграмаў. Узляцелі ў паветра як мінімум на 50 метраў.

Была і заспакаяльная інфармацыя:

— падчас аварыйнай абароны падаюць стрыжні, якія паглынаюць нейтронны паток, тым самым спыняючы працэс актыўнага дзялення ядраў. Чым больш "векаў сарве" на гэтым этапе выпрабаванняў, тым надзейнейшая будзе эксплуатацыя. На гэтым этапе ўсё на гарантыі.

У Мінэнерга сцвярджаюць, што скід пары планаваўся загадзя і быў праведзены ў выніку аднаго з тэстаў сістэмы і абсталявання. Пра гэта прэс-служба міністэрства расказала ўвечары 1 снежня, рэагуючы на інфармацыю ад актывістаў і з "Тэлеграма".

Але і тут не ўсё гладка:

"У выніку з'явілася неабходнасць дадатковага карэктавання работы векаў шумапаглынальнікаў пары", — адзначаюць у Міністэрстве энергетыкі. Інакш кажучы, канструкцыйныя элементы атамнай электрастанцыі, урачыста адкрытай 7 лістапада ў прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі, патрабавалі дадатковай адладкі.

Тым, што адбылося, занепакоеныя літоўскія ўлады. 1 снежня Дзяржаўная інспекцыя па бяспецы атамнай энергетыкі Літвы запрасіла ў МНС Беларусі "дэталёвую інфармацыю пра магчымыя непаладкі ў рэзервовай сістэме ахаладжэння рэактара першага блока, стан гэтай сістэмы і ўплыў магчымых непаладак на гарантаванне бяспекі блока пры правядзенні работ па яго запуску".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.