Што за суддзя будзе разглядаць справу журналістак Белсата

Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева
Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева

Суд па справе журналістак тэлеканала Белсат Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай пачнецца 9 лютага. Разглядаць справу па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў будзе суддзя Фрунзенскага раёна Наталля Бугук. Чым яна вядомая? Не, не апраўдальнымі прысудамі.

Саджала "Рэха", судзіла айцішніка

Бугук уваходзіць у лік самых "прадукцыйных" суддзяў Мінска. Толькі за снежань удзельнікам акцый пратэсту, зыходзячы са звестак канала "Списки Окрестина", яна "раздала" каля 300 сутак арышту. А сайт "Вясны" паведамляе, што з 9 жніўня яна пакарала 44 пратэстоўцы штрафамі і 499 суткамі арышту.

У лістападзе Бугук была адной з трох суддзяў, якія адправілі ў ЦІП на Акрэсціна гурт "Рэха" ў поўным складзе.

Яшчэ ў пачатку верасня Бугук разглядала справу дызайнера Ягора Калягіна, якога разам з фотажурналістамі Аляксандрам Васюковічам і Уладзімірам Грыдзіным пасля адной з акцый затрымалі ў бары. З дызайнерам усё скончылася больш-менш паспяхова: ён правёў на Акрэсціна трое сутак, але арышту, у адрозненне ад прыяцеляў, не атрымаў.

Вяла рэзанансную справу

Да пачатку палітычнага крызісу Бугук разглядала больш сур'ёзныя справы. Напрыклад — у 2018-м яна слухала справу аб дзяржзакупцы зімовага дызельнага паліва для Мінабароны.

Сярод абвінавачваных — былыя супрацоўнікі Мінабароны і два бізнесмены, якія ўдзельнічалі ў махлярскай схеме закупак і атрымлівалі ад гэтага нядрэнную выгаду. Бугук доўга разглядала справу, у выніку прысудзіла ўсіх фігурантаў да рэальных тэрмінаў (ад 3 да 8 гадоў узмоцненага рэжыму) з канфіскацыяй маёмасці, а таксама пастанавіла выплаціць 5 мільёнаў долараў па грамадзянскіх пазовах.

Была датычная Бугук яшчэ да адной цікавай справы. Так, ужо больш за шэсць гадоў дамагаецца крымінальнай справы па факце ўжытага сілавікамі гвалту Артур Яўглеўскі, які цяпер адбывае пакаранне ў калоніі па "наркатычным" 328-м артыкуле. Хоць ёсць дакументы і сведчанні пералому пальцаў, а таксама збіцця, СК пастаянна адмаўляў у завядзенні справы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі