Што Святлана Алексіевіч казала аб рэжыме Аляксандра Лукашэнкі

Што Святлана Алексіевіч казала аб рэжыме Аляксандра Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволенасць пазіцыяй сёлетняй нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры Святланы Алексіевіч. Па яго словах, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі выехала за межы Беларусі і пастаралася "цэбар бруду выліць на сваю краіну".

Еўрарадыё паглядзела, што ж казала пісьменніца пра цяперашнюю ўладу пасля таго, як стала вядома пра яе ўзнагароджанне Нобелеўскай прэміяй.

Напрыклад, выступаючы ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, пісьменніца казала:

"У Беларусі Лукашэнка спыніў час. Яго ўменне прадаваць сваю біяграфію то Еўропе, то Расіі і атрымліваць за гэта газ і нафту... Гэтыя грошы сыходзяць на тое, што мы іх проста праядаем, а не ўкладваем у будучыню, у тэхналогіі. Але ён спыніў і сацыялізм. Заводы і фабрыкі належаць дзяржаве. Па вялікім рахунку, нічога не прададзена, нават маленькія прадпрыемствы. Ён захаваў псіхалогію сацыялізму, бо ён сам гэтай псіхалогіі чалавек. Ён увесь час гаворыць на гэтых прадпрымальнікаў, лічачы, што яны бандыты, што гэта несумленныя людзі. І адбылося такое спыненне. І ў беларусаў мякчэйшы варыянт гэтага сацыялізму".

"Лукашэнка баіцца, што Пуцін заваюе нас. Але не трэба ваяваць з Беларуссю. Нам проста дастаткова зімой закруціць два краны — нафтавы і газавы. Усё. І Беларусі няма, і Лукашэнкі няма. Так што... Лукашэнка цалкам у руках Пуціна. І ніякі Захад не возьме Лукашэнку на ўтрыманне так, як яго ўзяў на ўтрыманне Пуцін, плацячы яму за тое, што ён з ім. Таму што Беларусь засталася адзіным сябрам Расіі. Ужо, як вы ведаеце, авіябаза будзе ў нас руская. То бок, гэта будуць ракеты.

Усе выдатна разумеюць, што гэта будзе месцам першага ўдару ў выпадку чаго. Лукашэнка кажа, што ён гэтага не дапусціць, але гэта нічога не значыць. Гэта значыць, што ён проста таргуецца з Пуціным. Ён хоча, каб Пуцін яму за гэта яшчэ больш заплаціў. Так што вось такія адносіны. Відаць, што калі яны стаяць побач, то яны адзін аднаго не трываюць. Таму што Лукашэнка часта абражае Пуціна, як бы паказваючы нейкую сваю самастойнасць. І мужыкі ў вёсцы кажуць: "А глядзі-ка як наш! Як ён гэтага карузліка!". Ён на гэта і цісне.

На прэс-канферэнцыі ў Берліне Алексіевіч таксама казала пра Беларусь.

Аб прэзідэнцкіх выбарах 2015 года:

"Мы ўсе маем падазрэнне, што для Лукашэнкі няважна, як мы галасуем. Як казаў Сталін, не важна, як галасуюць, а важна, хто падлічвае. Тут нібыта той выпадак. Так што ніхто з нас не чакае ніякіх сюрпрызаў, і ўсе маюць адчуванне: тое, што ў Расіі і Беларусі, — усё гэта надоўга".

Аб расійскай вайсковай авіябазе ў Беларусі:

"Я не думаю, што ён сапраўды супраць базы. Я думаю, што ён таргуецца — ён спадзяецца, што Расія дасць яму грошай. Гэта ягоная вядомая гульня. Калі кепска з Расіяй, ён паварочваецца ў бок Еўропы. За гэты час у Еўропе памянялася кіраўніцтва — кожныя чатыры гады прыходзяць новыя людзі, і яны думаюць, што перайграюць Лукашэнку. Яны спрабуюць гэта зрабіць, не ведаючы, што гэта ненадзейны чалавек, і калі Расія дасць яму грошай, ён адразу ж адвернецца ад Захаду. Мы гэта бачылі — разоў пяць гэта было на нашых вачах".

Пра перспектыву збліжэння Лукашэнкі з Еўрасаюзам:

"Па-першае, ніхто гэтага Лукашэнку не адпусціць. Не трэба нават ніякіх "зялёных чалавечкаў", ніякіх салдатаў. Проста яму не дадуць газ ці нафту, і ўсё — мы будзем зіму жыць як на лёдзе».

Пра выбары 2010 года:

"Вы ведаеце, калі Лукашэнка пасадзіў людзей, калі людзі выйшлі на плошчу, 700 было арыштавана, многіх з іх ён пасадзіў, нават кандыдатаў у прэзідэнты, я напісала яму адкрыты ліст. Але вы ведаеце, што ў нас у краіне кіруе толькі адзін чалавек, ніхто мне не адказаў на гэты ліст. Адзінае, што я атрымлівала, — сотні лістоў ад людзей, якія хацелі гэта пачуць, каб хто-то хаця б гэта сказаў. Мы ведалі, што мы бяссільныя, але каб хтосьці хаця б гэта сказаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі