Што адбывалася на саміце "Ўсходняга партнёрства". Онлайн

У пражскім Палацы кангрэсаў у чацвер праходзіў саміт Еўрасаюза, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі ЕС, Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны

Сяргей Мартынаў прыехаў у Палац кангрэсаў асобна ад Уладзіміра Сямашкі


Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў прыехаў у Палац кангрэсаў у Празе, дзе пачаўся саміт "Усходняга партнёрства", асобна ад беларускай дэлегацыі — віцэ-прэм'ера Ўладзіміра Сямашкі і амбасадара Беларусі ў Бельгіі, пастаяннга прадстаўніка пры Еўрапейскіх супольнасцях і НАТА па сумяшчальніцтве Ўладзіміра Сянько (іх, дарэчы, выйшаў сустракаць міністр замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнберг).

Аднак Мартынава каля палаца сустрэлі воклічы "Ганьба" ўдзельнікаў вулічнай акцыі, арганізаванай беларускімі эмігрантамі. 

***
Відэа з сустрэчы Сяргея Мартынава і генсека Савета ЕС Хаўера Саланы

У Празе прайшла сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава і генеральнага сакратара Савета Еўрасаюза Хаўера Саланы. У прыватнасці, былі абмеркаваныя манчымасці пашырэння супрацоўніцтва ЕС і Беларусі ў розных фарматах. Былі дасягнутыя дамоўленасці пра наступныя сустрэчы.



Відэа: ec.europa.eu/

***
Беніта Ферэра-Вальднер магчыма прыедзе ў Беларусь толькі восенню

Запланаваны візіт еўракамісара Беніты Ферэра-Вальднэр у Беларусь у сакавіку-красавіку двойчы зрываўся. Пра прычыны гэтага яна патлумачыла на прэс-канферэнцыі ў Празе напярэдадні саміту:

“Я не толькі планавала прыехаць. Я хацела прыехаць! Але за два дні да майго запланаванага выезду я атрымала тэлефонны званок, дзе мне сказалі, што ў прэзідэнта [Лукашэнкі] сустрэча ў Арменіі, а пасля ён вылятае ў Расію. То бок, ён не меў часу мяне пабачыць. А я, вядома, не хацела прыязджаць у той час, калі прэзідэнта няма ў краіне. І я сказала, — добра, я прыеду пазней”.

Спадарыня Ферэра-Вальднэр зазначыла, што ўсё яшчэ гатовая паехаць у Беларусь і паедзе абавязкова, але трэба знайсці вольны час. Магчыма, гэта будзе ў чэрвені-ліпені, а можа і ўвосені, паведамляе нашая карэспандэнтка Наста Ігнатовіч.

***
Пазьняк: Сёння мы разам, таму што праблема “Усходняга Партнёрства” — гэта праблема будучыні Беларусі

Нягледзячы на разыходжанні, прадстаўнікі беларускай апазіцыі (хіба толькі за выключэннем Мілінкевіча, які не падпісаў зварот ЕС да Еўрасаюза) ў Празе паразумеліся, чаго доўга не маглі дасягнуць на радзіме. Як паведамляе нашая карэспандэнтка Наста Ігнатовіч, Зянон Пазняк зазначыў, што нават калі супрацоўніцтва не працягнецца далей, сёння прадстаўнікі апазіцыі павінны аб’яднаць свае высілкі, каб "не даць рэжыму Лукашэнкі набраць моц".

Зянон Пазьняк: “Ёсць пытанні ў жыцці дзяржавы, якія вымагаюць супрацоўніцтва. Гэта не значыць, што гэтае супрацоўніцтва будзе працягвацца. Таму што мы палітычныя апаненты. І мы ніколі не будзем разам. Але сёння мы разам. Сёння мы разам, таму што праблема “Усходняга Партнёрства” — гэта праблема будучыні Беларусі, будучыні дэмакратыі. І нам вельмі важна з’яднаць свае высілкі, каб рэжым Лукашэнкі не выкарыстаў “Усходняе Партнёрства” для свайго ўмацавання”.

***
Беніта Ферэра-Вальднер: Лукашэнка вырашыў сам не ехаць у Прагу

Як паведамляе нашая карэспандэнтка Наста Ігнатовіч, лідэры беларускай апазіцыі ў чацвер таксама сустрэліся з еўракамісарам Бенітай Ферэрай-Вальднер. Яна патлумачыла ім, што Аляксандр Лукашэнка сам вырашыў не ехаць на саміт, хаця і ўхваліў яго.

Беніта Ферэра-Вальднер: “Мы заўсёды запрашаем краіну. І ўжо краіна вырашае, хто паедзе на саміт. Канечне, гэта падзея высокага ўзроўню. Але канечне, гэта залежыць ад краіны, каго адправіць на саміт. Да нас прыехалі намеснік прэм’ер-міністра і міністр замежных справаў. Мы сустракаліся з імі раніцай. Я думаю, яны вельмі радыя прыезду сюды. І яны сказалі, што прэзідэнт Лукашэнка ўхваліў запрашэнне і магчымасці для Беларусі пачаць супрацоўнічаць з намі”.


Фота: tut.by

***
Мілінкевіч знайшоў у дакуменце апазіцыянераў "траянскага каня"

Яшчэ перад пачаткам саміту па "Ўсходнім партнёрстве" ў Празе прайшоў шэраг афіцыйных сустрэч. Сярод іх — сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазіцыі з міністрам замежных справаў Чэхіі Карэлам Шварцэнбергам. Там прысутнічалі Аляксандр Казулін, Аляксандр Мілінкевіч, Зянон Пазняк, Івонка Сурвіла і Станіслаў Шушкевіч.

Як паведаміла нашая карэспандэнтка Наста Ігнатовіч, што знаходзіцца зараз у Празе, толькі Аляксандр Мілінкевіч не падпісаў зварот лідэраў беларускай апазіцыі да Еўрасаюзу.

Вось што сказаў Еўрарадыё Аляксандр Мілінкевіч: “Я пад усімі пунктамі гатовы падпісацца. Але там ёсць пункт, дзе гаворыцца, што Аляксандр Лукашэнка – гэта траянскі конь расійскай палітыкі. Яны прыдумалі яму такую ролю разбуральніка ў гэтай праграме. Я такіх фактаў не ведаю. Я не адвакат Аляксандра Лукашэнкі, але штучна разбураць магчымасці і настроі, якія ёсць у Еўропе, я лічу, гэта няправільна”.

Еўрарадыё паспрабавала адшукаць гэты пункт у дакуменце. Аднак такога дакладна мы не знайшлі. У заяве прапісаны іншы пункт, які мог мець на ўвазе Аляксандр Мілінкевіч: “Русіфікацыя і знішчэнне культуры павялічвае адмоўны ўплыў праімперскіх колаў расійскай палітыкі на Беларусь”.

***
Казулін: "Зараз мы можам глядзець у будучыню з большым аптымізмам"

Наста Ігнатовіч, Прага

Беларускі палітык Аляксандр Казулін, які знаходзіцца цяпер у Празе ў складзе дэлегацыі лідэраў беларускага дэмакратычнага руху, падзяліўся Еўрарадыё сваімі ўражаннямі ад сустрэч з чэшскімі палітыкамі і дзяржаўнымі дзеячамі.

Аляксандр Казулін: "Зараз мы можам глядзець у будучыню з большым аптымізмам, чым было раней. Чэшскія ўлады, якія старшыньствуюць у Еўразвязе, дэманстратыўна дэкларуюць, што дыялог павінен весціся не толькі з беларускай уладай, але і з беларускай дэмакратычнай супольнасцю. І чэшскі прэм'ер-міністр, і міністр замежных спраў, і сябры камітэта па замежных справах чэшскага парламента паказвалі, што яны бачаць месца дэмакратычнай апазіцыі ў гэтым дыялогу. І што не можа гэты дыялог весціся, калі не прытрымлівацца маральных каштоўнасцяў і еўрапейскіх каштоўнасцяў. Гэта было галоўнае".

На думку Казуліна, тое, што Лукашэнка не прыехаў на саміт у Прагу — гэта "маральная перамога ўсёй дэмакратычнай супольнасці, якая дамагалася гэтага".

***
У Празе з нагоды саміту праходзіць пікет беларускіх эмігрантаў


Наста Ігнатовіч, Прага

Пікет прадстаўнікоў беларускіх эміграцыйных суполак з розных краін Еўропы праходзіць зараз у Празе, прымеркаваны да адкрыцця саміту "Ўсходняга партнёрства".

У акцыі ўдзельнічае 100 чалавек. Яны трымаюць дзясяткі бел-чырвона-белых сцягоў, сцяг Еўрасаюза, плакаты "Стоп — дыктатура!", "Свабоду палітвязням у Беларусі!" ды іншыя, партрэт Юрыя Захаранкі, 10-я ўгодкі знікнення якога прыпадаюць на сённяшні дзень.

Паводле аднаго з удзельнікаў пікета, "саміт — гэта шлях для легітымізацыі ўлады Лукашэнкі, размаўляць трэба з народам", а менавіта — з дэмакратычнай апазіцыяй.

Да ўдзельнікаў акцыі толькі што далучыліся Аляксандр Казулін, Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазьняк і Івонка Сурвіла.


***
У сустрэчы ўдзельнічаюць прадстаўнікі Еўрасаюза, Азербайджана, Беларусі, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. Нашая краіна прадстаўленая першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам і міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым.

Як паведамляе "Беларускі партызан", прадстаўнікі беларускай эміграцыі ў Чэхіі зладзяць у Празе мітынг з нагоды саміту. Па іх словах, "Усходняе Партнёрства" павінна быць выгадна для беларускага народа, але не для беларускага рэжыму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі