Шольц, Макрон і Драгі ўгаворвалі Зяленскага ісці на саступкі Маскве — Die Welt

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, канцлер Германіі Олаф Шольц і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі / facebook.com/zelenskiy.official
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, канцлер Германіі Олаф Шольц і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі / facebook.com/zelenskiy.official

Лідары еўрапейскіх краін, якія напярэдадні наведалі Кіеў, угаворвалі Уладзіміра Зяленскага пайсці на саступкі Маскве, піша нямецкае выданне Die Welt. Напярэдадні Украіну наведалі канцлер Германіі Олаф Шольц, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і кіраўнік ўрада Італіі Марыё Драгі. Выданне адзначае, што ўсе тры палітыкі публічна падтрымалі імкненне Украіны зрабіцца чальцом ЕС. Канцлер Германіі Шольц таксама запэўніў, што Берлін будзе падтрымліваць Кіеў да таго часу, "пакуль гэта неабходна для барацьбы за незалежнасць Украіны".

Але ўсе гэтыя "прызнання нікому нічога не каштуюць", піша выданне.  Die Welt мяркуе, што за зачыненымі дзвярыма заходнееўрапейскія палітыкі падштурхоўваюць Украіну да саступак Маскве.

"Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў "за зачыненымі дзвярыма", хутчэй за ўсё, пераконвалі Зяленскага сесці за стол перамоваў з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным..." — піша выданне. І для Макрона, і для Драгі важна, каб эканамічны крызіс скончыўся як мага хутчэй.

"Сітуацыя ў Італіі робіцца ўсё больш непрыемнай: калі прадукцыйнасць эканомікі праз канфлікт не адновіцца, на карту будзе пастаўленая стабільнасць краіны", — сцвярджае газета.

Раней Зяленскі казаў, што згодны на сустрэчу з Пуціным. Але пры адной умове: калі на ёй будзе разглядацца пытанне спынення вайны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі