Шматдзетную маці ў другі раз выкраслілі са спісаў на будаўніцтва жылля

У рэдакцыю Еўрарадыё звярнулася абураная Наталля Шкадун з Магілёва, маці 5-ці дзяцей, ганаровы донар Беларусі, урач першай катэгорыі. Паводле словаў жанчыны, яе ўжо ў другі раз выкраслілі са спісаў на будаўніцтва жылля, хаця ў чарзе яна стаіць больш за 10 гадоў. 
Сям’я Наталлі Аляксееўны туліцца ў трохпакаёвай кватэры. Разам з ёй жыве муж, 28-гадовая дачка і ўнук, яшчэ чацвёра дзяцей і свякроў — усяго дзевяць чалавек!
Першы раз ёй прапанавалі ўвайсці ў кааператыў у 2006 годзе, праз 7 год чакання ў чарзе. 
Наталля Шкадун: "Мне сказалі, што на працягу сямі год мяне не маглі знайсці. У 2003 годзе мне далі Ордэн Маці. У 2002 па просьбе адміністрацыі давала інтэрв’ю абласному тэлебачанню. Штогод запрашалі на Дзень сям'і. Тое, што не маглі знайсці, гэта проста адпіска, але яна зафіксаваная на паперы".
Магчымасць будавацца ў першым доме Наталля Шкадун згубіла, пакуль збірала дакументы.
"Я здала дакументы ў банк, каб атрымаць крэдыт, але высветлілася, што плошча жылля не супадала ў даведках, якія выдалі ЖЭУ і БТІ, на некалькі сотых метра. Я месяц хадзіла, каб зрабілі аднолькавыя, а потым аказалася, што сотыя ўвогуле не ўлічваюцца. Мяне адправілі па загадзя бессэнсоўным коле. Пакуль я хадзіла з гэтымі дакументамі, мяне выключылі з кааператыву".
Потым пачалося будаўніцтва жыллёва-будаўнічага кааператыву "Цэнтр Дом". Наталлю Шкадун прынялі туды ў верасні 2007 года. Але калі яна праз два месяцы прыйшла ў банк па крэдыт, высветлілася, што ў спісах яе няма.
Наталля Шкадун: “Мы запыталі, чаму нас няма ў спісах. Старшыня жыллёва-будаўнічага кааператыву (ЖБК) сказаў, што мы не напісалі яшчэ адну заяву. Яна аказалася вельмі цікавай: "Прашу выключыць мяне з ліку забудоўшчыкаў". Дату папрасілі не ставіць. Сказалі, што канкурэнцыя на дом высокая, таму, каб потым чалавека выкінуць, патрэбная такая заява”.
Еўрарадыё звярнулася па каментар да тагачаснага старшыні ЖБК Уладзіміра Дударава. Згодна з яго словамі, ніякай падобнай заявы не было.
Уладзімір Дудараў: "Мы калі былі на прыёме ў памочніка прэзідэнта, я ёй сказаў, што калі яна прыйдзе на агульны сход і хоць нехта пацвердзіць, што таксама пісаў такую заяву, — я ёй аддам сваю кватэру, якую будую ў гэтым доме.
У кааператыў прымаюць на агульным сходзе, а спісы зацвярджаюцца ў райвыканкаме. Калі вы паглядзіце на гэтую паперу, то яна датаваная вераснем 2007 года, а спадарыня пачала звяртацца ў гарвыканкам аж праз паўтара года".
Як высветлілася, жанчыну выключылі са спісу за тое, што яна не плаціла ўнёскі. Наталля Шкадун прызнае, што не плаціла, але таму, што яе не было ў спісах, хаця паперу аб прыняцці ў кааператыў ёй выдалі. На сходы ж кааператыва яе ні разу не запрасілі.
Далей аргументацыя старшыні ЖБК разыходзіцца з афіцыйным адказам з аблвыканкаму. Там напісана, што Наталлю Шкадун ўвогуле не прымалі ў кааператыў, бо яна не здала патрэбныя дакументы.
Шматдзетная маці пачала пісаць скаргі ў розныя структуры, але паўсюль іх дасылалі тым, на каго яна скардзілася, у Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.
Праз год Наталля Аляксееўна ўжо была на прыёме ў намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Леаніда Анфімава. Але і гэта нічога не вырашыла.
"Вольных месцаў там не было. Я ёй прапаноўваў аднапакаёвую кватэру свабодную: як вызваліцца — возьмеце іншую. Я ж не магу выгнаць людзей, супрацоўнікаў і ўзяць яе", — кажа Ўладзімір Дудараў.
Паводле словаў Наталлі Аляксееўны, пазней яна даведалася, што ў дом засялялі людзей, якія не з'яўляюцца супрацоўнікамі аблвыканкаму, але стаялі ў чарзе менш за яе. 
"Туды засялілі прадпрымальніка, дзяўчыну 1982-га года. Няўжо яны стаялі на чарзе болей за мяне? У афіцыйным адказе мне сказалі, што заставаліся вольныя месцы і ў дом засялялі старонніх асоб".
Былы старшыня кааператыва кажа, што ў дом не прымалі людзей без даведак, якія пацвярджаюць патрэбу ў сацыяльным жыллі. А правяраць гэтыя даведкі — справа іншых органаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі