Школьная форма ў Беларусі і Польшчы: параўноўваем падыходы і цэны

У польскіх школах форму не патрабуюць, але яе ўводзяць спецыялізаваныя школы, а таксама некаторыя прыватныя і каталіцкія / piatka.olsztyn.pl

У польскіх школах форму не патрабуюць, але яе ўводзяць спецыялізаваныя школы, а таксама некаторыя прыватныя і каталіцкія / piatka.olsztyn.pl

Уявіце сабе: улады Польшчы таксама ўводзілі абавязковую школьную форму. Але ёсць нюанс: пратрымалася яна толькі адзін год. У 2007 годзе ўвялі — у 2008 адмянілі. І ўсё: цяпер абсалютная большасць польскіх школ форму ігнаруе.

Але кожная школа мае права самастойна вырашыць, ці ўвесці дрэс-код. На гэтую тэму праводзіцца рэферэндум з бацькамі. Часцей за ўсё гэта робіцца ў прыватных, незалежных дзяржаўных школах, а таксама ў некаторых каталіцкіх школах і школах Мантэсоры. То-бок, усё не так, як у Беларусі, дзе ўлады навязваюць школам форму цэнтралізавана — упершыню з савецкіх часоў, — а фасоны зацвярджае камісія з чыноўнікаў.

Еўрарадыё паглядзела, чым адрозніваюцца школьныя формы ў Польшчы і ў Беларусі, а таксама на падыходы да гэтага пытання ў суседніх,  але такіх розных краінах.

Беларусь: пашытая быццам на дарослых, толькі карлікавага памеру

Міністэрства адукацыі патрабуе ад школ строгага дрэс-коду. Дзяцей адзяваюць у блузы, кашулі і строі з пінжакамі, дапускаючы ў якасці паслаблення камізэльку. Усё мусіць быць аднатоннае, пажадана чорна-белае, як варыянт — сіне-блакітнае.

Так строга не адзяваюцца нават чыноўнікі Еўрапарламента, дзе абсалютна прымальны стыль Business Casual — стрыманы, але не пазбаўлены індывідуальнасці.

Цяпер вядуцца дыскусіі наконт таго, што школы могуць увесці свой адметны элемент адзення — гальштук з лагатыпам ці, напрыклад, вызначанага колеру камізэльку. 

Школьная форма ў Беларусі і Польшчы: параўноўваем падыходы і цэны
Школьная форма ад Беллегпрама з мінулагодняга паказа ў Нацыянальнай школе прыгажосці / belta.by

Пакуль што патрабаванне адзяваць дзяцей у школьную форму толькі дадае галаўнога болю бацькам.

— Мы дачцэ ўсё лета шукаем форму — і гэта жах. Тое, што прадаецца ў ЦУМе, пашытае паводле незразумела якіх лекалаў. Быццам на дарослых, толькі карлікавага памеру. Пінжак на маленькай дзяўчынцы не сядзіць, і ёй нязручна, бо абмяжоўваюцца рухі, я перажываю, што матэрыял ненатуральны. Шыць на замову — а раптам школе не спадабаецца, што мы пашыем. Купляць і перарабляць — яшчэ мільён грошай аддаць. Шукалі за мяжой, але там такога адзення няма, бо ніхто не робіць з малых дзяцей дарослых, — кажа мама першакласніцы з Мінска Таццяна.

“Беллегпрам” рапартуе, што сёлета вырабіў больш за 1,2 млн вырабаў, якія можна аднесці да адзення дзелавога стылю, і гатовыя пашыць больш з тканін камвольнага камбіната. Так што абавязковая школьная форма — гэта яшчэ і спосаб разгрузіць склады.

Колькі ж каштуе форма ў Беларусі? Тут усё залежыць ад таго, колькі бацькі гатовы выдаткаваць і якога вытворцу яны абяруць. Калі купляць, напрыклад, "Калінку", то блузка для дзяўчынкі з малодшай школы будзе каштаваць 40-60 рублёў, спадніца — 35-60 рублёў, жакет — 45-55 рублёў. Хлопчыку можна набыць пола за 50 рублёў,  штаны за 50-55 рублёў і пінжак за 60-70 рублёў. Падлеткам, зразумела, усё трэба купляць ужо па дарослых коштах.

Польшча: вучні расцэньвалі школьную форму як абмежаванне волі

У Польшчы аргументы “за” ўвядзенне абавязковай школьнай формы былі такія ж, як у бацькоў і настаўнікаў у Беларусі: лепей, калі ніхто з дзяцей не вылучаецца сярод іншых, а ва ўсіх аднолькавае адзенне; гэта дысцыплінуе і гэтак далей. А адменены школьны дрэс-код быў з эканамічна-эстэтычных меркаванняў: бацькі не пагаджаліся плаціць за адзенне, якое дзецям не падабаецца і не сядзіць на фігуры.

Да таго ж, вучні — гэта ж трэба было такому здарыцца — расцэньвалі патрабаванне адзявацца ў форму як абмежаванне волі. 

Школьная форма ў Беларусі і Польшчы: параўноўваем падыходы і цэны
Дзеці ў пачатковай школе №5 у горадзе Ольштын у якасці формы адзяваюць рознакаляровыя байкі з лагатыпам установы / piatka.olsztyn.pl

Акрамя таго, выявілася, што штучнае і вонкавае раўнапраўе ўсё роўна не працуе. У дыскусію ўварваліся псіхолагі, якія давялі, што форма не дысцыплінуе, не ўплывае на паспяховасць і наведвальнасць. Яна, наадварот, тармозіць развіццё, асабліва, у падлеткавым узросце, калі чалавеку вельмі важна адрознівацца ад іншых.

Школьная форма ў Беларусі і Польшчы: параўноўваем падыходы і цэны
Пачатковая школа ў Кракаве прапаноўвае апрануць дзяцей проста ў рознакаляровыя цішоткі з лога школы / sp149.krakow.pl

Таму ў цяперашняй Польшчы школьная форма – гэта тое, што вылучае дзяцей. На адзенні ёсць лагатып навучальнай установы, часта ёсць нават свой фірменны колер. Але што важна, амаль ніколі гэта не кашулі і пінжакі, а баваўняныя цішоткі, пола або нават байкі. Як правіла, іх шыюць на замову, а пра фасоны дамаўляецца школа або бацькоўскі савет. Ніякіх камісій з чыноўнікамі!

І колькі гэта каштуе? Школа ў Кракаве, напрыклад, прапаноўвае набыць цішоткі за 16 рублёў у пераліку са злотых, блузкі для малодшых дзяцей за 59 беларуских рублёў. І прыпісвае заўвагу, што блузка – гэта дадатковы, неабавязковы элемент школьнай формы. "Ніз", то бок спадніцу або штаны, дзеці выбіраюць на свой густ.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі