Шэсць хакеістаў мінскага "Дынама" адпраўляюцца на стажыроўкі за мяжу

Шэсць хакеістаў мінскага "Дынама" адпраўляюцца на стаж за мяжу. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на кіраўніцтва клуба. Ілля Шынкевіч, Дзмітры Корабаў, Уладзімір Міхайлаў, Павел Развадоўскі і Алег Явенка з 28 чэрвеня па 11 ліпеня будуць знаходзіцца ў трэніровачным лагеры Ўладзіміра Юрзінава ў швейцарскім Рамансхорне. У праграму ўваходзяць заняткі на лёдзе і па агульнай фізічнай падрыхтоўцы.

Галкіпер Віталь Коваль з 27 чэрвеня па 4 ліпеня будзе павышаць майстэрства ў шведскім Гётеборгу пад кіраўніцтвам дынамаўскага трэнера па варатарах Мікаэля Лехнера.

Мэта паездак не толькі падрыхтоўка да новага сезону Кантынентальнай хакейнай лігі і чэмпіянату Беларусі, дзе будзе выступаць фарм-клуб "Дынама" салігорскі "Шахцёр". Дынамаўскае кіраўніцтва будзе такім чынам рэкламаваць брэнд Umbro. Сусветны вытворца спартовай вопраткі будзе экіпіраваць "Дынама" ў сезоне-2009/2010 і, магчыма, у наступныя гады. Дамова аб партнёрстве з афіцыйным прадстаўніком Umbro расійскай кампаніяй "АВМ-Спорт" была падпісаная ў пятніцу. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі