Саша Ролаў: Трэба ўзяць акорды ля-рэ-мі, і хіт вам забяспечаны!
Некалі ўдзельнік "Ляпіса Трубяцкога", а цяпер вольны мастак даў Еўрарадыё рэцэпт хіта і растлумачыў, чаму яму не падабаюцца сучасныя "Ляпісы".
А таксама паразважаў над праблемай крызісу сярэдняга ўзросту.
Еўрарадыё: Саша, якім чынам ты з’явіўся ў свеце беларускага шоў-бізнэсу?
Саша Ролаў: Я не з’яўляўся нідзе. Мяне ніколі не вабіў шоў-бізнэс. Я займаўся творчасцю. А потым на адной дыскатэцы да мяне прыліп Міхалок. Далей глядзі “шоў-бізнэс”.
Еўрарадыё: Да цябе прыліп Міхалок, і…
Саша Ролаў: У
адзін момант мы з Міхалком вырашылі зрабіць супер-гурт “Adidas”, дзе
складалі сумесна песні. Пры гэтым паралельна існаваў праект “Ляпіс Трубяцкой” і мой праект “Мама дала банку”.
Потым праект “Мама дала банку” разваліўся, бо бубнач з’ехаў у Піцер, ён
там ажаніўся з жонкай. Гітарыст Саша Суворавец з’ехаў у Чыкага на ПМЖ. А
басіст гурта “Мама дала банку” ажаніўся з маёй былой дзяўчынай. І атрымалася, што гурт перастаў існаваць. І тады Міхалок мне прапанаваў уліцца ў “Ляпіс Трубяцкой”, які на той час ужо быў папулярным і самастойным калектывам.
Еўрарадыё: Што граў гурт “Мама дала банку”?
Саша Ролаў: Мы гэта называлі банк-рокам. А ўвогуле крытыкі казалі, што гэта гаражная музыка, то бок, канец 60-х, кшталту Stogges.
Еўрарадыё: І якую ідэю вы пераследвалі?
Саша Ролаў: Мы нікога не пераследвалі! І нас, дзякуй Богу! Мы проста дурэлі!
Еўрарадыё: Якім быў твой лёс у “Ляпісах”?
Саша Ролаў: Разам з імі я запісваў альбом “Любові капец”, праца над якім вялася ў Мінску на студыі “Меццо Форте”. Потым мы разышліся: я з’ехаў у Маскву сам па сабе, працаваць з Васем Шугалеем. Мы там рабілі праект пад назвай “Приятные парни”. А потым туды прыехалі “Ляпісы”. Мы з Міхалком пагаварылі, і з Масквы я з’ехаў ужо разам з гуртом “Ляпіс Трубяцкой”.
Еўрарадыё: Ты прыклаў руку да стварэння песень альбома “Ты кінула”…
Саша Ролаў: Гэты альбом яны пісалі без мяне. Я там праспяваў літаральна некалькі радкоў у песні “Пастушок”. Увогуле мы песні пісалі разам з Міхалком.
Еўрарадыё: Якая песня ў альбоме “ Ты кінула” табе больш за ўсё падабаецца?
Саша Ролаў: Калі шчыра, то больш за ўсё мне падабаецца песня “Ты кінула”.
Падабаецца, як маскоўскі прадзюсер зрабіў аранжыроўку. Трэба аддаць яму
даніну, што аранжыроўка атрымалася вельмі добрай. Калі Дзіма “Рыжы” –
тагачасны басіст, граў на басе акордамі – гэта было вельмі моцна,
арыгінальна, такога ў Расіі, напрыклад, ніхто не рабіў. Песня гэта
гучала вельмі альтэрнатыўна і адначасова вельмі фарматна. Усе
радыёстанцыі з задавальненнем яе круцілі, хоць пры гэтым яна была ну
зусім “бязбашаннай”. Ну а яшчэ не магу не прыгадаць песню, якую склалі
мы ўтраіх – я, Міхалок і Лёша Хацзон – “Чотка нам у лесе, чотка ў бару”. Гэтая песня заўсёды выклікае ў мяне толькі пазітыўныя эмоцыі.
Так некалі выглядаў "Ляпіс Трубяцкой"
Еўрарадыё: Чаму ў выніку, у цябе не атрымалася з “Ляпісамі”?
Саша Ролаў: Самы
карэктны адказ: у гурта не могуць быць два лідары. У нас з Міхалком
рознае бачанне музыкі. Напэўна, гэта добра. Ён бачыў па-свойму, я –
па-свойму. Калі пачыналіся спрэчкі на рэпетыцыях, а пацаны, якія не
бралі ўдзел у стварэнні твора, проста губляліся і не разумелі, каго
слухаць.
Еўрарадыё: А як ты ставішся да творчасці сучасных “Ляпісаў”? Ці чуў ты апошнія альбомы гурта? Як табе сучасны Міхалок – ідэйны, накачаны, модны?
Саша Ролаў: На
жаль, Міхалка я вельмі даўно не бачыў, хоць, з задавальненнем бы з ім
пагаварыў, неяк у нас не атрымліваецца перасекчыся… Калі шчыра, я не да
канца разумею гэтыя альбомы. Магчыма, калі б я з ім пагаварыў, я б яго
зразумеў. А так мне гэта нагадвае нейкі юнацкі максімалізм. Я не
разумею, навошта рабіць сацыяльныя песні! Няхай Шаўчук гэтым займаецца! Ёсць Шаўчук у рускамоўнай прасторы! Калі смешна, тады смешна. Вось, “Бей, Андрюша, бей”
– добрая песня. А вось калі Міхалок пачынае пра нешта сур’ёзнае… У мяне
не асацыюецца Міхалок і такія сур’ёзныя, глабальныя заявы.
Еўрарадыё: Міхалок проста змяніўся…
Саша Ролаў: Я і кажу, магчыма. Проста не бачыў яго даўно.
Саша Ролаў у 90-х
Еўрарадыё: Адзін з этапаў тваёй творчасці – супрацоўніцтва з беларускімі гуртамі – “Дрозды”, “Пару Рублей”, IQ48, “Метеор”…
Саша Ролаў: Не, з “Метеором” у нас нічога не атрымалася. Я з імі хацеў зрабіць песню нябожчыка Васі Шугалея “Усё нармальна, мама”, але яны так і не спадобіліся. Усё так і заціхла.
Еўрарадыё: Былі ў цябе спробы супрацоўніцтва з беларускай эстрадай. Прынамсі, з Ларысай Грыбалёвай…
Саша Ролаў: Разам з маім сябрам кампазітарам Дацкевічам мы
напісалі некалькі песень. Проста па прыколу - ён напісаў звычайныя
папсовыя мелодыі, яны мне падаліся прыгожымі. Ён мне прапанаваў напісаць
да іх тэксты. Я ўзяў і напісаў. Ну лухта поўная, аднак слухаецца добра!
Потым мы спрабавалі гэтыя песні прадаць. А Ларыса Грыбалёва
нам сказала: “Ведаеце, хлопцы, у мяне чалавек дваццаць стаяць у чарзе і
грошы ім не патрэбныя, абы я праспявала іх песні! А вы хочаце грошы за
іх атрымаць!” А мне не трэба бясплатна: калі ўжо я лухтой займаюся, дык
трэба за яе хоць грошы атрымліваць:).
Еўрарадыё: Кажуць, ты прапаноўваў песню гурту “J: Морс”?
Саша Ролаў: Я хацеў з “J: Морс’ам” запісаць сумесную песню. Тады яшчэ з Ромам Арловым.
Мы рэпетавалі, рэпетавалі, а потым з Ромам не сышліся неяк, бо там
таксама ўсе надта крутыя, яны хацелі грошай… Ну, не хочаце – як хочаце! Я
проста рабіў праект: хацеў зрабіць цэлы альбом песень з рознымі
гуртамі. На жаль, не знайшлося ў нас столькі гуртоў.
Еўрарадыё: А зараз Рома Арлоў зрабіў праект з рознымі выканаўцамі…
Саша Ролаў: Ён
мне не падабаецца. Па-мойму, больш пантоў, чым сутнасці, нічога там
наватарскага я не пачуў… Можа падацца, што я такі тут сяджу, усіх лажаю:
Міхалка альбомы мне не падабаюцца, Ромы
праект мне не падабаецца. А сам ты што зрабіў? Справа не ў гэтым.
Проста распавядаю пра свае адчуванні. Калі добра – тады добра. На самой
справе, Рома Арлоў у “J: Морс” мне падаваўся нашмат цікавейшым і прадуктыўным, і, на жаль, “J: Морс” стаў горшым без Ромы Арлова. Гэта відавочна.
Еўрарадыё: То бок, ты цікавішся беларускай музыкай і сочыш за яе навінамі?
Саша Ролаў: Ды не, я толькі знаёмымі цікаўлюся. Ну якая беларуская музыка!? Пра што тут гаварыць!
Еўрарадыё: Напрыклад, “Серебряная Свадьба”.
Саша Ролаў: Зноў жа, я не магу не любіць “Серебряную Свадьбу”, таму што Бенька з Віцебску, як і я. І ў 91-м годзе мы тусаваліся ў адным і тым жа месцы ў Віцебску. Яно называлася “Стенка” і знаходзілася на зліцці дзьвюх рэк – Віцьба і Заходняя Дзвіна.
Еўрарадыё: Атрымоўваецца, ты ўсіх ведаеш, цябе ўсе ведаюць, а значыць, ты цікавішся беларускай музыкай…
Саша Ролаў: Ну, тым пакаленнем, так… Дзякуй Богу, што з’явіліся добрыя перадачы па “ЛАДзе”, напрыклад, “Живой звук”; на СТБ - “Музычны рынг” таксама і маладых запрашаюць. Я дык увогуле не ведаю маладых гуртоў…
Еўрарадыё: І пра “The Toobes”чуў?
Саша Ролаў: Не. А, пачакай! Гэта такія хлопцы, што ўтрох спяваюць на англійскай мове? Бачыў я іх у перадачы Пукста на 8-м канале. Я вельмі здзівіўся, што могуць так у нас людзі граць, вельмі высокі еўрапейскі ўзровень!
Еўрарадыё: Саша, што чуваць наконт тваіх уласных праектаў і гуртоў?
Саша Ролаў: Апошнім часам я крыху захапіўся бізнесам. Зараз ад гэтага пазбаўляюся, развязваю сабе рукі. У мяне два праекты. Адзін – дуэт з Косцям Калеснікавым – былым басістам “Лепрыконсаў” і IQ48, які называецца “Дуэт Аляксандра і Канстанціна”. І яшчэ хачу зрабіць акустычны праект з трубамі, ён будзе называцца “Трыа “Чацвёра”.
Еўрарадыё: Чым будзе адметны рэпертуар гэтых праектаў?
Саша Ролаў: Камерны праект з трубамі будзе цалкам лірычны, а “Дуэт Аляксандра і Канстанціна” - маразматычным. Ён будзе інтуітыўным. Там будзе літаральна адзін-два радкі, а астатняе – музычныя вынаходніцтвы Косці і мае.
Еўрарадыё: То бок, андэграўнд, альтэрнатыва і ніякай камерцыі?
Саша Ролаў: Не, камерцыя будзе вялікая, таму што нас будуць страшна запрашаць на карпаратывы!
Рэцэпт паспяховай песні ад Сашы Ролава
Еўрарадыё: Рэцэпт паспяховай песні ад Ролава…
Саша Ролаў: Трэба ўзяць выключна акорды ля-рэ-мі, і ўсё – гэта будзе абсалютна паспяховая песня! Дадаць фа, магчыма. Як казаў Міхалок
на пачатку 90-х пра песню “Ау”: “У трэцім акордзе ёсць сінкопа,
магчыма, не ўсе ведаюць, як гэта складана браць”. Вось сінкопай і ёсць
“фа-мі”. Дадаць фа, узяць ля-рэ-мі, і хіт вам забяспечаны!
Еўрарадыё: Апроч ля-рэ-мі, мабыць, патрэбныя нейкія словы?
Саша Ролаў: Словы
павінны быць ёмістымі. Напрыклад, слова “усё”, альбо “ты”. Вось ёсць
слова “ты”, і ўжо чалавек ставіцца асабіста да гэтай песні.
Еўрарадыё: А “мы”?
Саша Ролаў: Ой, не-не. Калі “мы” – гэта ўжо не лірыка. “Мы” – гэта палітыка. Канфлікту няма. Калі ўжо ёсць “мы”, то пра што тады спяваць?
Пра прозу Сашы Ролава і "БарБарыс"
Еўрарадыё: Саша, тваю прозу 2004 года можна знайсці на сайце проза.ру.
Саша Ролаў: Так, як адна знаёмая сказала, што гэта такі юнацкі трэш.
Еўрарадыё: А тое, што ты пішаш зараз, недзе можна знайсці? Ці няма жадання выдаць кнігу?
Саша Ролаў: Пасля таго, як я напісаў гэтыя трэшавыя аповеды, напісаў пачатак двух раманаў, я зразумеў, што не гатовы. Трэба пачакаць крыху.
Еўрарадыё: У любым выпадку, працяг чакаецца?
Саша Ролаў: У
некаторых, калі яно з маладосці адразу пайшло, то яно і ідзе. А калі
яно ў сярэднім узросце неяк вось так, праз сілу, то значыць,трэба
пачакаць крыху больш мудрасці. Я зараз спяшаюся жыць, пастаянна хачу
нешта зрабіць, зрабіць, зрабіць. А каб напісаць кнігу, патрэбна
канкрэтна спыніцца, сесці і больш нічога не рабіць альбо пісаць вось
такія кароценькія замалёўкі.
Увогуле ў мяне ёсць яшчэ адзін новы праект з Сашам Хлебнікавым.
Мы збіраемся рабіць перадачу. Хутчэй за ўсё, яна будзе ісці на
БелМузТВ, магчыма, на іншым канале: вельмі сур’ёзная, глыбінная
гумарыстычная перадача “Куток Дурава”. Гэта будзе чысты
гумар, тое, як мы бачым розныя жыццёвыя сітуацыі, кшталту скейт-шоў.
Крыўдна бывае, калі бачыш смешнае нешта, у цябе адразу нараджаецца сюжэт
і бачанне, як можна было б гэта абыграць, а працягу гэтаму няма. Дзякуй
Богу, што ўсё ўжо дамоўлена, і зноў жа, гэта абсалютна без грошай!
Проста паспрабуем “набіць руку”, паспрабуем сябе. А далей, магчыма,
будзе гумарыстычны серыял пра бар. Будзе называцца “Бар “Барыс”.
Пра тое, як чалавеку ў спадчыну дастаўся бар, чалавека завуць Барыс. І
вось ён не ведае, што з ім рабіць. І вакол бара ўсё круціцца. Таму што
павінны ж быць здымкі ў адным памяшканні! Бюджэту ж больш няма!
Еўрарадыё: Ці ёсць у беларускім мастацтве персанажы, якія табе падабаюцца?
Саша Ролаў: Мне сімпатычны Клінаў, напрыклад, і з яго чаяпіццямі і ўвогуле, як чалавек. Мне падабаецца Вашкевіч,
таму што ён валодае вельмі добрымі прафесійнымі мастацкімі навыкамі, і ў
яго працах ёсць ідэя. Але на першым месцы, вядома ж , мой сябра Вася Пачыцкі,
бо гэта вельмі сур’ёзны ўзровень, такога ўзроўню ў Беларусі я больш не
ведаю. Я проста слаба разбіраюся, напрыклад, у акварэлі, у нацюрмортах,
але ведаю, што ў сваім жанры Пачыцкі робіць тое, што ніхто не робіць, і
даўно не рабіў, і не ведаю, ці будзе рабіць.
Еўрарадыё: Ці не спрабавалі вы з Пачыцкім рабіць нейкія сумесныя музычныя праекты?
Саша Ролаў: Гэта
вы проста пад дых б’еце, таму што апошні месяц ідуць перамовы, толькі
пакуль усё не зразумела. Нібыта збіраліся яго новы альбом запісваць, але
нешта ён маўчыць.
Еўрарадыё: Ты верыш у поспех сваіх будучых праектаў?
Саша Ролаў: Не.
Еўрарадыё: Тым не менш ты іх будзеш рабіць.
Саша Ролаў:Таму што трэба рабіць. У поспех абавязаныя верыць прадзюсары. Я – не
прадзюсар, я проста лічу, што я павінен рабіць тое, што павінен. Калі я
адчуваю, што я павінен гэта рабіць, я раблю. Я вось зараз адчуў, што я
не павінен займацца бізнэсам, я спыняю яго.
Еўрарадыё: Цяжка без творчасці? Ці нават займаючыся бізнэсам, ты ўсё роўна нешта ствараеш?
Саша Ролаў: Што
значыць цяжка? Кепска без творчасці. Проста са страшнай сілай накатвае
крызіс сярэдняга ўзросту, кожны дзень ты задумваешся: “Што ты робіш?!”
Крызіс сярэдняга ўзросту заключаецца ў незрэалізаванасці сябе. І гэта ва
ўсіх так. Калі чалавек не можа сябе зрэалізаваць – яму кепска. Ён
пачынае співацца, альбо пачынае тупа хадзіць на працу і тупа зарабляць
грошы, а потым вечарам крычаць на жонку, выпіваць 100 грам віскі, каб
заснуць, каб не пакутаваць ад думак, а потым раніцай зноў ідзе на працу.
Потым кажа: “Не лезьце да мяне”, і чалавек робіцца закрытым, змрочным і
недаступным.
Еўрарадыё: Як выглядае твой добры, паспяховы дзень?
Саша Ролаў: Яго
няма ў мяне! Дзень – гэта калі ёсць распарадак дня: раніцай, напрыклад,
ты прачнуўся, паснедаў, пайшоў на працу, потым паабедаў, вечарам
вярнуўся дадому, павячэраў, а потым нечым яшчэ заняўся. А ў мяне дзень
зліваецца ў тыдзень ці месяц. Я магу, напрыклад, легчы спаць у дзевяць
раніцы, а ўсю ноч нечым займацца – сядзець за камп’ютэрам, чытаць,
глядзець фільм, выпіваць. Гэта падобна на лінейку, якая складваецца,
гэта ні дзень канкрэтны, гэта жыццё. Таму, згодна са сваімі цяперашнімі
адчуваннямі, магу ўсім параіць: кідайце працу!