Вы тут

Санкцыі ЗША — гэта балюча, але яны не падштурхнуць Лукашэнку да перамоў

Шляхі Беларусі і ЗША разышліся

У канцы красавіка ЗША вырашаць, ці аднавіць уведзеныя яшчэ ў 2006 годзе санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў. Паколькі адно з асноўных патрабаванняў для іх прыпынення — гэта адсутнасць палітвязняў (якіх у Беларусі цяпер 288), эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што эканамічныя санкцыі супраць Беларусі будуць адноўленыя.

Як і на што яны могуць паўплываць і як на іх увядзенне можа адрэагаваць Мінск? Разабраліся ў пытанні.

 

Санкцыі засталіся яшчэ ад Джорджа Буша-малодшага

Амерыканскія санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў ўведзеныя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Беларускія ўлады тады спачатку разагналі намётавае мястэчка, якое стаяла на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску з 20 сакавіка, а потым і шэсце ў падтрымку затрыманых. Быў збіты і кінуты за краты кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін. Адміністрацыя Джорджа Буша-малодшага не стрывала такога здзеку над дэмакратыяй і ўвяла санкцыі.

 

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2006 года Аляксандр Казулін / svoboda.org

Пад іх трапілі "Беларуснафта", "Белнафтахім" і яго філіял у ЗША Belneftekhim USA, "Белшына", "Гродна Азот", "Гродна Хімвалакно", "Лакафарба", "Нафтан", "Полацк Шкловалакно". Былі замарожаныя актывы гэтых кампаній у амерыканскай юрысдыкцыі. Таксама Мінфін ЗША забараніў юрыдычным і фізічным асобам весці фінансавыя адносіны з гэтымі кампаніямі.

А як жа "Беларуськалій"? На самай справе супраць прамысловага гіганта таксама былі ўведзеныя санкцыі, але ўладам удалося іх абысці. У 2006 годзе завод уваходзіў у склад канцэрна "Белнафтахім", але ў 2014 годзе быў выведзены з яго. Мінфін ЗША не адсочваў гэтых працэсаў і не стаў ніяк рэагаваць.

У кастрычніку 2015 года санкцыі былі часткова прыпыненыя — бо палітвязняў у краіне не было. Кожныя год-паўтара Мінфін вяртаўся да разгляду гэтага пытання — і падаўжаў прыпыненне на наступны перыяд. Апошні раз гэта адбылося ў кастрычніку 2019 года — да 26 красавіка 2021 года.

 

Беларускі экспарт у ЗША знізіўся ў 2,2 раза

Старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб адзначае, што санкцыі ЗША носяць хутчэй сімвалічны характар. Бо кампаніі з "чорнага" спіса пастаўляюць на амерыканскі рынак не так ужо і шмат тавараў.

Пасля 2006 года прадпрыемствы засталіся жывыя да сённяшняга дня. Тэарэтычна санкцыі могуць быць больш жорсткімі і закранаць разлікі кампаній у доларах. Былі прэцэдэнты, калі пад такія санкцыі траплялі расійскія кампаніі. У гэтым выпадку праблемы будуць сур'ёзныя: давядзецца закрываць доларавыя рахункі, перазаключаць імпартна-экспартныя кантракты, пераводзіць разлікі ў доларах у іншыя валюты.

Пакуль такія захады малаімаверныя, лічыць эксперт: ЗША ўжываюць іх вельмі рэдка.

Па звестках Белстата, з 2006 года санкцыі падкасілі і так невялікія аб'ёмы гандлю паміж Беларуссю і ЗША. У год ўвядзення санкцый сальда было станоўчым. Да 2010 года беларускі экспарт у ЗША ўпаў у пяць разоў. Імпарт пры гэтым паступова павялічваўся.

Да цяперашняга часу сітуацыя крыху выправілася. Летась экспарт Беларусі ў ЗША склаў $199,2 млн. У параўнанні з 2006 годам, калі ён складаў $446,8 млн, ён упаў у 2,2 раза.

Звесткі пра гандаль Беларусі і ЗША па гадах / Белстат

Санкцыі не падштурхнуць Лукашэнку да перамоў

На думку дырэктара Савета па міжнародных адносінах "Мінскі дыялог" Яўгена Прэйгермана, у ЗША ёсць разуменне, што санкцыі будуць балючыя прынамсі для часткі беларускай эканомікі.

Амерыканскія санкцыі — гэта заўсёды яшчэ і пытанне экстэрытарыяльнасці, гэта значыць уплыву на іншых беларускіх контрагентаў. У адрозненне ад еўрапейскіх санкцый гэта заўсёды больш адчувальна, — мяркуе Яўген Прэйгерман.

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што ў 2006 годзе санкцыі ЗША нічога не змянілі ў палітычным плане. Ды, мабыць, і не маглі змяніць:

Калі ключ да палітычных перамен знаходзіцца ў Расіі, калі разглядаць менавіта міжнародныя фактары, то гэта мала на што ўплывае.

Лёс беларускага рэжыму ў руках Пуціна / Reuters

Прэйгерман нагадвае, што звычайна ЗША і ЕС уводзяць санкцыі з некалькіх прычын. Гэта могуць быць спроба спыніць рэпрэсіі, адмяніць ужо прынятыя рэпрэсіўныя рашэнні і падштурхнуць улады да перамоў.

Трэцяе асабліва актуальнае ў кантэксце заявы Ціханоўскай. Але па гэтых трох пунктах сітуацыя тады не змянялася ў лепшы бок, а цяпер становіцца толькі горш. Калі ўлады ідуць на ўсё для таго, каб гэту самую ўладу не аддаваць, то і такога кшталту санкцыі ні да чога не падштурхнуць. З той простай прычыны, што ўлады ўспрымаюць любыя перамовы як дарогу да таго, што яны павінны будуць сысці.

Таму Лукашэнка не адказваў на званкі Меркель у жніўні мінулага года, лічыць эксперт:

У Мінску проста не бралі слухаўку, бо яны не бачаць сэнсу размаўляць на гэту тэму. Улады лічаць, што адзіная мэта перамоў — прымусіць іх сысці. А сыходзіць яны не збіраюцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.