Сацыёлаг: Беларусы паказваюць арыентацыю на змены

Фото: Еўрарадыё
Фото: Еўрарадыё

Беларуская аналітычная майстэрня на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Варшаве прадставіла даследаванні грамадскай думкі. Кіраўнік аналітычнай майстэрні сацыёлаг Андрэй Вардамацкі пераконвае Еўрарадыё ў тым, што "сацыялогія ўсё яшчэ можа прадказваць будучыню" і разважае на тэму, якія змены адбыліся ў свядомасці беларусаў за апошні год.

Еўрарадыё: Першая частка вашай прэзентацыі называецца "Сацыялогія ўсё яшчэ можа прадказваць будучыню". Выкарыстанне менавіта такога дзеяслова, як "можа", дазваляе выказаць здагадку пра некатэгарычнасць гэтага сцвярджэння. Гэта значыць, сацыялогія як можа, так і не можа прадказваць будучыню — дык усё ж можа?

Андрэй Вардамацкі: Адбыўся шэраг падзей, якія прывялі да падзення веры ў сацыялогію, як навуку, якая можа займацца сур'ёзнымі вымярэннямі, а галоўнае — у яе магчымасці прагназаваць падзеі. Можна ўспомніць "Арабскую вясну" — ніхто з сацыёлагаў не прадказваў такога развіцця падзей. Сапраўды, гэтак жа не прадказвалі перамогу Трампа. За некалькі тыдняў да пачатку Майдана ва Украіне самыя вядомыя сацыёлагі краіны казалі: "Які Майдан?! Людзі пасіўныя і занятыя выжываннем".

Еўрарадыё: Гэта сведчыць пра крызіс у сацыялогіі?

Андрэй Вардамацкі: Гэта сведчыць пра тое, што сацыёлагі не паспявалі схопліваць змены працэсу.

Еўрарадыё: І гэта ўсё?.. Вы лічыце гэта дастатковым тлумачэннем, што сацыёлагі "не паспявалі"?

Андрэй Вардамацкі: Услухайцеся ў ваша пытанне: "І гэта ўсё?..". Вы камічныя ў сваім пытанні і жаданні "замачыць" сацыёлагаў.

Еўрарадыё: Магчыма, камічная. Але мне сапраўды незразумела: калі сацыёлагі "не паспявалі", то чым яны тады займаліся?

Андрэй Вардамацкі: Ну як, чым займаліся? А чым займаецца чалавек, які едзе кудысьці на аўтамабілі і не паспявае? Што тут такога жудаснага? Мне не вельмі зразумелы папрок. Сацыёлагі не паспявалі вырашыць не проста нейкую задачу, а каласальную задачу. Адбываліся такія змены ў масавай свядомасці, якія сацыёлагі не паспявалі ахапіць сваім інструментарыем. Так, гэта праблема, і ў гэтым "мінус" сацыялогіі. Але ўсякае развіццё адбываецца праз цяжкасці. Трэба казаць пра недахопы, якія адбываюцца ў любой навуцы. Колькі ракет разбілася, перш чым яны пачалі лётаць. У вашым уяўленні любы недахоп — гэта правал?

Еўрарадыё: Перамога Трампа, якую не змаглі прадказаць сацыёлагі — гэта не "недахоп".

Андрэй Вардамацкі: Мы гаворым не пра перамогу Трампа, а пра суадносіны сацыялагічных даследаванняў і яго перамогі. Наш прадмет — гэта сацыялагічныя прадказанні. Я ўсяго толькі прывёў вам тры прыклады, якія паказваюць, што сацыялогія недастаткова спрацавала. Гэта не падстава для такога эмацыйнага і павярхоўнага журналісцкага наезду. Сёння фармуюцца больш дасканалыя сацыялагічныя інструменты, удакладняюцца мэтавыя групы — яны становяцца менш, змяняюцца наогул самі наборы доследных каштоўнасцяў. Гэта значыць, "лекала", якія выкарыстоўвае сацыялогія, становяцца больш дакладнымі. І я лічу, што сацыялогія па-ранейшаму валодае сваёй прагнастычнай функцыяй.

Мы вымералі і даказалі пагаршэнне эканамічнага самаадчування насельніцтва, якое пасля прывяло да падзей 25 сакавіка. Нашы вымярэнні паказалі рост пратэстных настрояў, і пратэсты сапраўды адбыліся. Натуральныя наступствы натуральных прычын. Ніякай канспіралогіі тут няма, не было знешніх ворагаў, якія сваімі зласлівымі высілкамі і тугімі кашалькамі нешта правакавалі — ішло бесперапыннае пагаршэнне эканамічнага самаадчування насельніцтва, што прывяло да такіх наступстваў.

Еўрарадыё: Цікавы адказ на пытанне "Калі б цяпер былі парламенцкія выбары, то за каго б вы прагаласавалі?". 46,6% — за кандыдата, які абіраецца ўпершыню, а 28,3% — за таго, які ўжо абіраўся.

Андрэй Вардамацкі: Людзі арыентаваныя на змены. Ёсць сістэма індыкатараў, якія паказваюць арыентацыю на змены ў самых розных сферах. Выбаршчыкі хочуць галасаваць за тых, хто ўпершыню прыходзіць у парламент.

Еўрарадыё: Але пры гэтым 47,7% хацелі б, каб гэты чалавек працаваў у дзяржсектары, і толькі 30,1% — у бізнесе.

Андрэй Вардамацкі: Так, гэта быў след СССР, калі людзі арыентаваныя на новае, гэта не азначае, што па кожным пункце яны арыентаваныя на новае. Такая супярэчнасць нармальная, таму што посттаталітарная свядомасць супярэчлівая па сваёй сутнасці.

Еўрарадыё: І гэтую супярэчлівасць пацвярджае яшчэ адна лічба: 57,4% рэспандэнтаў выказаліся за змяншэнне ролі дзяржавы.

Андрэй Вардамацкі: Так, менавіта так. У звычайнага нармальнага чалавека веданне не так выразна сфармаванае, як у экспертаў. З адной і той жа нагоды звычайны чалавек можа выказвацца супярэчліва. З аднаго боку, ён хоча ўбачыць новых людзей у парламенце, з іншага — недалюблівае прадстаўнікоў прыватнага сектара. Не патрабуйце кангруэнтных ўзгодненых ўнутры сябе структур, выразнай пабудовы ў масавай свядомасці.

Еўрарадыё: 43,3% рэспандэнтаў на выбарах падтрымалі б чалавека, які раней не абіраўся, не займаў кіруючых пастоў. 52,1% падтрымліваюць кандыдата, які прапануе альтэрнатыўныя шляхі развіцця эканомікі. І пры гэтым ён павінен працаваць у дзяржсектары (47,7%). Такая супярэчлівасць не памяншае дакладнасць кожнага адказу на кожнае пытанне?

Андрэй Вардамацкі: Людзей можна спытаць: "Вы за рынкавую эканоміку?". І яны адкажуць: "Так". Але на наступнае пытанне "Ці трэба, каб дзяржава субсідавала калгасы і саўгасы?", і людзі сапраўды таксама адкажуць станоўча. Так уладкаваная свядомасць. Для эксперта ў гэтым ёсць супярэчнасць. Для звычайнага чалавека яе няма.

Еўрарадыё: Каментуючы рэакцыю грамадскай думкі на Дэкрэт N3, вы кажаце, што "разбураная казка пра добрага цара і дрэнных баяр"...

Андрэй Вардамацкі: Сакавіцкія падзеі паказалі, што віну за Дэкрэт і яго наступствы людзі ўскладаюць ужо не на ніжнія звёны вертыкалі, а на верхнія. Дэкрэт закрануў тую частку насельніцтва, якая заўсёды падтрымлівала прэзідэнта. Гэта была яго сацыяльная база. Калі з'явіўся Дэкрэт, гэтая сацыяльная група зразумела, што ён накіраваны супраць іх. Пасля ж быў яшчэ і разгон дэманстрацыі 25 сакавіка. Людзі ўбачылі, што сацыяльная мадэль, якую яны падтрымлівалі і за якую галасавалі, не толькі прапануе нешта, што не ўпісваецца ў гэтую мадэль, але і імгненна і вельмі жорстка выступіла супраць іх саміх. Аналогія з тым, што адбылося, можа быць такая: адна справа, калі вас штурхнулі на вуліцы, а іншая — калі вас ледзь ні збіў аўтамабіль. Адна справа, калі павольна павышаюцца тарыфы на ЖКГ і іншае — калі ў адзін момант і вельмі жорстка "б'юць" па кашальку. А потым яшчэ і па спіне.

Усё гэта мае шмат розных наступстваў. Напрыклад, дзяржсмі ўжо не могуць трансляваць нейкія ідэі і пераконваць. Таму што на сваім асабістым вопыце мэтавая сацыяльная група Лукашэнкі ўбачыла розніцу паміж тым, што прапануецца, і тым, што адбываецца на самай справе. І ў гэтым сэнсе дзяржава страціла магчымасць прадукаваць новыя ідэі — не павераць. Нават калі гэта самыя правільныя ідэі. Таму што перад гэтым людзей моцна падманулі.

Еўрарадыё: Але з часам адбываецца "вяртанне на колы свае"...

Андрэй Вардамацкі: Да жніўня пачалося памяншэнне колькасці рэспандэнтаў, якія ацанілі сваё становішча, як "дрэннае". Адбылося некаторае паляпшэнне эканамічнага самаадчування нацыі. Можна казаць пра сезоннасць гэтага вагання. Усе летнія параметры адрозніваюцца большай мяккасцю. Людзі адпраўляюцца адпачываць, яны інакш сябе адчуваюць...

Еўрарадыё: Чаму тады давер да недзяржаўных СМІ ўпалу і узрос давер да дзяржсмі?

Андрэй Вардамацкі: Цяпер няма вострых падзей. Калі адбываюцца вострыя падзеі, узрастае давер да недзяржаўных СМІ. Я тлумачу гэта ў межах сваёй "тэорыі дыстанцыі": узровень даверу да СМІ залежыць ад дыстанцыі паміж суб'ектыўным прадстаўленнем чалавека пра з'яву і тым, як яе паказвае тое ці іншае медыя. Чым менш разыходжанне, тым большы ўзровень даверу. Тое, як апісвалі падзеі 25 сакавіка недзяржаўныя СМІ, людзі ўспрымалі, як больш рэалістычную карцінку ў параўнанні з карцінкай дзяржсмі.

Еўрарадыё: І ўсё ж такі, з чым беларусы вярнуліся на колы свае пасля падзей 25 сакавіка? Казка пра добрага цара зноў будзе актуальная?

Андрэй Вардамацкі: Я пакуль не гатовы сказаць. Пачакаем новых дадзеных. Але шматгадовыя даследаванні паказваюць, што калі ацэнкі і вяртаюцца на ранейшыя пазіцыі, то гэтыя пазіцыі ўсё ж крыху адрозніваюцца. Эканамічны спакой можа вяртацца, але давер — цяжкая інерцыйная структура, якая, калі аднойчы ссунулася, у зыходнае становішча не прыходзіць амаль ніколі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі