Крызіс і стагнацыя: Беларусь перастае быць надзейным партнёрам. Даследаванне

Новае даследаванне Цэнтра новых ідэй

Новае даследаванне Цэнтра новых ідэй / unsplash.com

Цэнтр новых ідэй апублікаваў новае даследаванне, у якім вымяраўся індэкс рэзіліентнасці Беларусі ў 2023 годзе. Гэта экспертная ацэнка краіны як шматбаковай і складанай сістэмы.

Індэкс быў распрацаваны Генадзем Коршунавым і Лесяй Руднік як інструмент, які дазваляе выявіць і адсачыць найбольш устойлівыя і найбольш уразлівыя сферы ў Беларусі.

У ходзе даследавання сацыёлагі апыталі 45 беларускіх экспертаў, каб ацаніць рэзіліентнасць пяці сфер: палітыкі, эканомікі, соцыума, інфармацыйнай сферы і сферы ўзброеных сіл. Дынаміка фіксавалася па шкале ад + 5 да -5.

У прэзентацыі гаворыцца, што Беларусь за апошні год сутыкнулася з мноствам унутраных і знешніх выклікаў. За 2023 год беларускія ўлады пашырылі маштаб рэпрэсій, звярталіся да адзінкавых правакацый на мяжы з Польшчай і Літвой, станавіліся ўдзельнікамі ўнутрыпалітычных гульняў Расіі.

На фоне эканамічнага, энергетычнага, палітычнага і ваеннага збліжэння з Расіяй, Беларусь аслабляе свае пазіцыі ў якасці міжнароднага іграка, бяспечнага суседа і надзейнага гандлёвага партнёра.
 

Сфера "Палітыка"

На думку экспертаў, сёння ў Беларусі ў самым цяжкім становішчы знаходзіцца сфера палітыкі.

Як і ў папярэднія два гады, галоўным фактарам, якія вызначалі такія ацэнкі, з'яўляецца ўнутраная палітыка, дзе сітуацыя працягвае знаходзіцца на мяжы калапсу (ІР = -4,26). Горш за ўсё справы па гэтым кірунку складаюцца па такіх паказчыках як легітымнасць электаральных працэсаў (ІР = -4,80).

Сфера "Узброеныя сілы"

Экспертныя ацэнкі ваеннай сферы ў 2023 годзе нязначна адрозніваюцца ад леташніх, хоць і адзначаецца некаторая тэндэнцыя да іх пагаршэння (ІР = -0,51; у 2022 годзе — -0,30). Пры гэтым справы тут ідуць лепш, чым у любой іншай з асноўных сфер, якія ўлічваюцца ў індэксе.

Эксперты дастаткова высока ацанілі сістэму камандавання войскамі. Гэты напрамак адзіны ў гэтай сферы быў ацэнены станоўча і атрымаў 0,44 бала. Гэтая адзнака на 0,68 бала ніжэй за леташнюю.

Ацэнкі па такіх напрамках, як асабісты склад і забеспячэнне арміі, знаходзяцца ў адмоўнай палове зоны стагнацыі (-0,44 і -0,78 балаў адпаведна).
 

Высновы

Падсумоўваючы свой даклад, Цэнтр новых ідэй робіць выснову, што Беларусь як шматгранную сістэму нельга назваць рэзіліентнай.
Фактарамі крызісу застаюцца палітычны ціск на любыя праявы іншадумства, уцягванне ў падтрымку ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны, узмацненне эканамічнай і энергетычнай залежнасці ад Расіі.

У гэтым годзе эксперты адзначылі і новыя выклікі, якія ўплываюць на далейшае развіццё Беларусі — гэта штучнае рэгуляванне сферы занятасці, курса валют, адмова беларускіх уладаў прадастаўляць дыпламатычнае абслугоўванне грамадзянам, якія пражываюць за мяжой, і актыўнае стварэнне перашкодаў распаўсюджванню некантраляванай уладамі інфармацыі.

Вынікі індэкса рэзіліентнасці паказваюць, што па ўсіх сферах сістэма знаходзіцца ў цяжкім крызісным стане, альбо ў стагнацыі.

Галоўным фактарам, які паўплываў на такія вынікі, стаў палітычны крызіс — сістэма не прайшла стрэс-тэста ў палітычнай сферы. Гэта ілюструе, як крызіс у адной сферы не абмяжоўваецца рамкамі гэтай жа сферы, але ўплывае на ўсю сістэму, аслабляе яе, зніжае здольнасці сістэмы да развіцця і паляпшэння.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі