Руся і Лявон: "Музыка павінен граць, а не біцца з мянтамі"

Канцэрт “Solidarni z Bialorusia”, які мусіць адбыцца 25 сакавіка ў Варшаве, па-ранейшаму будзіць жывыя эмоцыі беларусаў.
Некаторым падабаецца, што палякі актыўна выказваюць сваю падтрымку для нашай краіны і дэмакратычных зменаў у ёй, а іншыя абураюцца.

Маўляў, канцэпцыя ў канцэрта дрэнная, арганізацыя ніякая, і ўвогуле, сапраўдныя патрыёты мусяць быць у гэты дзень у Мінску, а не за мяжой. З беларускімі ўдзельнікамі будучага канцэрту сустрэлася Каця Тамковіч.

Руся, вакалістка гурта “Indiga”:

— Мне ўвогуле смешна ад усяго таго, што зараз творыцца на “Тузіне гітоў”. Музыкі шмат працуюць, ахвяруючы сваім уласным часам, жыццём, здароўем: ездзяць на канцэрты, распавядаюць пра беларускую культуру ў замежных краінах. І мне падаецца смешным і абсурдным, што людзі патрабуюць ад музыкаў таго, каб яны біліся з ментамі на вуліцах.

У кожнага свая барацьба — і музыка робіць гэта пра дыпамозе творчасці. Няўжо Лявон Вольскі павінен адмовіцца ад канцэртаў і пайсці “месіцца” з ментамі на пляцы? Я гэтага не разумею. Калі былі самыя гарачыя дні, напрыклад, напрыканцы сакавіка (мінулага году — КТ), усе мы былі на пляцы, усе падтрымлівалі адзін аднаго: і людзей, і калегаў...

А ў “Тузіне гітоў” вельмі шмат пакрыўджаных музыкаў, бо некаторых спачатку запрасілі, а потым адмовіліся ад іх удзелу па розных арганізацыйных прычынах, бо вялікі канцэрт — гэты заўсёды складана...

І зараз атрымліваецца, што тыя, хто не трапіў сюды, проста з бяссілля і зайздрасці пачынаюць нейкую лухту несьці. Мне гэта не падабаецца, гэта вельмі непрыгожа.

Інтэрнэт — не прыватныя размовы, і калі музыкі пачынаюць ліць вось такі бруд адзін на аднаго — гэта ідзе на ўвесь свет. Палякі чытаюць — і яны рагочуць з нас, чытаюць і ўкраінцы, і іншыя беларускія музыкі... Гэта проста смешна і вельмі непрыгожа. Дурасць.


Аляксандр Памідораў:

— Гэта проста глупства. Крыўдна, што людзі так робяць, тым больш, што ініцыяваны ўвесь гэты флуд тымі, хто не быў ў мінулым годзе ў Менску падчас сакавіцкіх падзеяў.

Нейкая зайздрасць, якая ў прынцыпе неўласцівая нашай суполцы. Тым больш, што ў гэтым флудзе прымаюць удзел людзі, якія ў мінулым годзе гралі на канцэрце ў Варшаве -- таму імі кіруе толькі зайздрасць і гэта ўсё добра бачна. Іх можна толькі пашкадаваць.

Размова не ідзе пра тое, што мы збягаем з краіны. Мы робім адную справу. Проста цяпер мы больш ведаем пра нашых калегаў, вось і усё.


Вось і Лявон Вольскі:

— Мне не хочацца нецэнзурна выказвацца.... Але насамрэч гэта смешна. Яны што, хочуць, каб мы ішлі ў калоне дэманстрантаў і біліся з ментамі? Замест таго, каб адыграць у Варшаве на канцэрце, які праз спадарожнік будзе транслявацца на ўвесь свет і людзі хаця б пабачаць, што ёсць нейкая беларуская музыка?

Мы шчыра і сумленна хадзілі на ўсе мітынгі і можам узяць лёгкі адпачынак на адзін раз. Тым больш, што гэтым разам у апазыцыі, на мой погляд, няма ніякай істотнай праграмы святкавання.

Трэба было штосці прыдумаць, акрамя гэтых страшных аб’яднаўчых лозунгаў “За Беларусь! За свабоду!” ці таго, што мне ўкінулі ў паштовую скрынку: па-расейску “День белорусского единения”.

Гэта Дзень Волі, свята для кожнага беларуса. Ва ўсялякім выпадку — гэта ня “дзень беларускага едзіненія”.


ЕРБ: — Вы можаце больш падрабязна расказаць пра канцэпцыю канцэрта?

Вольскі:
— Канцэпцыя простая: рэгі — музыка свабоды. Будуць грацца песні Боба Марлі, а таксама некаторыя нашыя. Мы са Змітром Вайцюшкевічам заспяваем “Я нарадзіўся тут”. Будзе такая рэгі-вечарына, як звычайна пішуць на флаерах.

Свае меркаванне выказвае Зміцер Вайцюшкевіч:

— Мы павінны адчыніць дзверы, не сядзець у сваіх маленькіх хатах і думаць, што хтосьці дзесьці можа кагосьці пакрыўдзіць. Мы больш 10 гадоў працуем на беларускую ідэю. Сёння канцэрт у Варшаве, заўтра можа быць у Нью-Ёрку. І гэта плюс для Беларусі, а не мінус.

Адзін з арганізатараў канцэрту, прадстаўнік польскай ініцыятывы “Вольная Беларусь” Куба Міхалоўскі лічыць:

— Канцэрт арганізаваны, каб палякі памяталі пра Беларусь. Ён арганізаваны палякамі для палякаў, а адрэсаваны палякам і еўрапейцам, таму што пакуль у Беларусі былі прэзідэнцкія выбары і акцыі пратэстаў, тэма Беларусі прысутнічала ў медыях.

Зараз яе асабліва няма, бо няма ніякіх гучных яскравых падзеяў. І таму мы стараемся стварыць нагоду, каб нагадаць пра Беларусь. Там усё горш і горш — і пра гэта трэба казаць. Мы хочам гэтым канцэртам на хвалі пазітыўнага настрою нагадаць палякам, што адбываецца ў Беларусі. Гэта першае.

Далей: нам не хочацца, каб гэтая дата, 25 сакавіка, Дзень Волі, была датай сумнай. Менавіта таму мы выкарысталі музыку рэгі, музыку пазітыўную, музыку свабоды, каб паказаць, што будучыня ёсць, што варта ўсміхацца, і што шанец на свабоду і дэмакратыю ў Беларусі заўсёды ёсць!

ЕРБ:
Скажыце, як вы мяркуеце, ці ведае пра праблемы Беларусі большасьць палякаў?

Куба Міхалоўскі, ініцыятыва “Вольная Беларусь”:

— На мой погляд, канцэрт — найлепшы спосаб казаць пра гэта. Мінулагадовы канцэрт убачылі некалькі міліёнаў чалавек. Сёлета мы спадзяемся, будзе болей, бо трасляцыя пойдзе на ўвесь свет.

Усе, хто ведае польскую мову, змогуць прыгадаць, што існуе Беларусь. Хачу сказаць, што дагэтуль Беларусь ня надта добра вядомая ў Польшчы краіна, працягвае існаваць мноства стэрэатыпаў і нацыянальных праблем. Апошнія даследванні паказваюць, што прыкладна трэць палякаў увогуле мала ведае пра Беларусь.

Астатнія дзьве траціны дзеляцца на аптымістаў і песімістаў. Першыя вераць у тое, што ў бліжэйшыя пяць год у Беларусі будзе дэмакратыя, а другія — не. Мы хочам даць моцы тым, хто за свабоду на Беларусі. І канцэрт — адзін з крокаў у гэтым кірунку.




Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі