Вы тут

Румас запрасіў Канапацкую папрацаваць ва ўрадзе

Ганна Канапацкая / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Ганна Канапацкая атрымала запрашэнне на працу ва ўрад. Гэта адбылося падчас "нулявога чытання" бюджэту ў парламенце 5 лістапада, піша TUT.by.

Апазіцыйная дэпутатка Ганна Канапацкая пацікавілася ў прэм'ер-міністра, як урад плануе выканаць даручэнне кіраўніка дзяржавы і павялічыць ВУП да 100 мільярдаў долараў.

У адказ Сяргей Румас прызнаў, што ўрад кепска працуе над выкананнем гэтай задачы. "Нягледзячы на ​​ўсе нашы намаганні, эканоміка расце не такімі тэмпамі, якія дазволяць вырашыць гэтую задачу. І абсалютна справядліва ўрад крытыкуюць іншыя дзяржаўныя органы, неабыякавыя дэпутаты, эксперты за тое, што эканоміка дрэнна расце", — заявіў кіраўнік урада. Ён падкрэсліў, што ў цяперашнім стане эканоміка не здольная дасягнуць такога ўзроўню ВУП. 

Прэм'ер зазначыў, што ў пытанні Канапацкай адчуваецца "падтэкст, што вы ведаеце, як вырашыць гэтую задачу". І звярнуўся да дэпутаткі з нечаканай прапановай: "Я так разумею, што вы, як і ўрад, таксама не вельмі добра зрабілі сваю працу па зборы подпісаў і ў наступным парламенце не будзеце прадстаўленыя. Я афіцыйна вас запрашаю на працу ва ўрад, каб вы дапамаглі нам вырашыць гэтую задачу".

Як вядома, Ганну Канапацкую не зарэгістравалі кандыдаткай у дэпутаты на бліжэйшыя выбары.

За запрашэнне яна Румасу падзякавала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.