Рэжысёр фільма "Купала": расійскі серыял "Чарнобыль" — гэта фарс

Кадр з расійскага серыяла "Чарнобыль"
Кадр з расійскага серыяла "Чарнобыль"

Рэжысёр фільма "Купала" Уладзімір Янкоўскі ў эфіры АНТ расказаў, што расійскі серыял "Чарнобыль", які быў зняты на тэрыторыі Беларусі на заказ НТВ, — гэта фарс з сур'ёзным тварам, а серыял ад HBO — геніяльны.

Вядучы: Серыял "Чарнобыль" літаральна нядаўна выйшаў на экраны і ўскалыхнуў грамадскасць.

Янкоўскі: Гэта геніяльны серыял.

Вядучы: Геніяльны серыял. Але вы не задаваліся пытаннем, чаму не мы знялі гэты серыял?

Янкоўскі: Заходнія кінематаграфісты заўсёды з жыцця спрабуюць дастаць самае цікавае. Яны проста хочуць гісторыю цікавую расказаць. І задайце пытанне расійскім калегам, якія цяпер серыял знялі. Вы ведаеце, які там сюжэт пра Чарнобыль? Там, аказваецца, агент ЦРУ гэтую катастрофу ўсю і задумаў, а агенты КДБ за ім ганяюцца. Адны — пра вялікую і найстрашнейшую драму нашага жыцця, а другія — ператвараюць у шпіёнскі дэтэктыў.

Вядучы: Я б сказаў, што гэта фарс.

Янкоўскі: Так, гэта фарс. Але яны ж сур'ёзна да гэтага фарсу ставяцца. Здымалі, дарэчы, у Беларусі гэты серыял. Знята сотні фільмаў пра вайну. Гэтыя перамагаюць, гэтыя гінуць, ідэалогія — гэта нікому не цікава. Гледачу цікавая заўсёды неардынарная, незвычайная гісторыя. Чым узяў Спілберг? Ён проста зняў фільм пра тое, што ў жанчыны, у якой на вайне загінула некалькі сыноў, застаўся толькі адзін, які ваюе. І камандаванне вырашыла яго адпусціць. Пасылаюць яго знайсці. Усё, уся гісторыя. Але яна гледача за жывое ўзяла, таму што гуманная, вялікая звышідэя гэтым фільмам прасякнута. І гэта цікава. А проста бегаць з аўтаматамі і страляць, чырвоныя, белыя, чорныя, зялёныя — гэта нікога не цікавіць. Гэта ўжо прайшло.

Неафіцыйны трэйлер расійскага "Чарнобыля" ў канцы ліпеня з'явіўся на ютуб-канале акцёра, які зняўся ў серыяле НТВ. Неўзабаве пасля гэтага па скаргах НТВ і Amalgama Studio, якая вырабляе серыял, "трэйлер" сталі актыўна выдаляць з сацсетак, у тым ліку і з YouTube. Да таго часу яго паспелі сабе запосціць дзясяткі выданняў і блогераў. Так, на ютуб-канале Еўрарадыё трэйлер паспела паглядзець 270 тысяч чалавек, ён сабраў 15 тысяч дызлайкаў. 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі