Рэжысёра Сяргея Лазніцу выключылі з Украінскай кінаакадэміі

Сяргей Лазніца / forbes.ru
Сяргей Лазніца / forbes.ru

Сяргей Лазніца, украінскі рэжысёр з беларускімі каранямі, выключаны са складу Украінскай кінаакадэміі.

У заяве, апублікаванай у фэйсбуку, арганізацыя адзначае, што ва ўмовах поўнамаштабнай вайны, якую Расія пачала супраць Украіны, кожны ўкраінец павінен быць амбасадарам сваёй краіны:

"Асаблівую адказнасць зараз нясуць эксперты крэатыўных індустрый, якія добра вядомыя за мяжой. Іх пазіцыя павінна быць дакладнай і зразумелай".

Лазніца ж неаднаразова падкрэсліваў, што лічыць сябе касмапалітам і "чалавекам свету". У сваім нядаўнім інтэрв'ю ён заявіў, што не лічыць, што расійскія вайскоўцы спецыяльна разбамбілі мемарыяльны комплекс "Бабін Яр":

“Ну, зноў мы гаворым спачатку пра выпадковасць, а з іншага боку, мы гаворым пра сімвалічнасць гэтага месца. Я не думаю, што нехта там цэліўся ў Бабін Яр. Проста там такая “высокадакладная” зброя, і на гэта таксама трэба звярнуць увагу, якая прамахваецца на некалькі кіламетраў. І гэта сімвалічна, што снарад патрапіў у такое мемарыяльнае месца. Ну і не больш за тое, мне здаецца. Што мы можам пра гэта сказаць? Хацелася б, каб наогул снарады не лёталі, не лёталі гэтыя ракеты".

Украінская кінаакадэмія катэгарычная: у момант, калі Украіна абараняе сваю незалежнасць, "ключавым паняццем у рыторыцы кожнага ўкраінца павінна стаць яго нацыянальная ідэнтычнасць". І тут не можа быць паўтонаў.

Нядаўна фільмы Лазніцы ўвайшлі ў праграму Фестывалю расійскага кіно ў французскім Нанце пад назвай "Ад Львова да Урала". У час цяперашняй вайны гэта непрымальна, падкрэсліваюць у кінаакадэміі. Сябры арганізацыі заклікаюць сусветную супольнасць байкатаваць расійскае кіно і не пазіцыянаваць Сяргея Лазніцу як прадстаўніка ўкраінскай культуры.

У 2012 годзе Сяргей Лазніца зняў экранізацыю аповесці класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава "У тумане". Карціна ўдзельнічала ў Канскім кінафестывалі і была ўганараваная спецыяльным прызам ФІПРЭСІ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі