Рэстаратар: Калі тыдзень прайшоў без праверкі — гэта неверагодны тыдзень

Рэстаратар: Калі тыдзень прайшоў без праверкі — гэта неверагодны тыдзень

Адразу некалькі мінскіх рэстаратараў звярнуліся ў рэдакцыю Еўрарадыё з просьбай разабрацца ў сітуацыі з неверагоднай колькасцю праверак ад Санэпідэмстанцыі, Мінгандлю, пажарных і іншых дзяржаўных органаў. “Каб не закрылі ўвогуле”, уладальнікі не пажадалі агучваць ні свае імёны, ні назвы рэстаранаў. Але ўсіх аб’ядноўвае адна і тая ж праблема — штотыднёвыя праверкі, якія пачаліся адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў, і амаль кожная з якіх абавязкова завяршаецца штрафам.

“Прычым, самі правяраючыя называюць свае прыходы маніторынгам, — абураецца адзін з кіраўнікоў установы грамадскага харчавання. — Чапляюцца да ўсяго! Нават да тых рэчаў, што я магу выправіць адразу, у іх на вачах. Па законе, па выніках маніторынгу можна толькі ўказаць на парушэнні. Але на нас афармляюць штрафы, і паспрабуй з імі паспрачацца! Калі хочаш да нечага прычапіцца, абавязкова знойдзеш да чаго”.

Парадак правядзення планавых і пазапланавых праверак ды маніторынгаў прапісаны ва указе прэзідэнта "Пра ўдасканаленне кантрольнай дзейнасці". Паводле яго, кантрольныя органы маюць права хоць кожны дзень ажыццяўляць маніторынг дзейнасці на любым аб'екце, які ўваходзіць у сферу іх кантролю. У выпадку выяўлення відавочных парушэнняў, правяраючыя маюць права даць суб'екту гаспадарання пісьмовыя рэкамендацыі і магчымасць выправіцца. І толькі ў выпадку невыканання гэтых рэкамендацый могуць быць ужытыя меры адміністрацыйнай адказнасці. То бок такая форма кантролю дае магчымасць суб'ектам гаспадарання выправіць парушэнні і зусім законна пазбегнуць санкцый.

Тым не менш, у выпадку з нашымі рэстаратарамі маніторынг часта пераходзіць у пазапланавую праверку. А вось пазапланавая праверка можа праводзіцца пры наяўнасці акалічнасцяў скаргі кліентаў на парушэнне рэстаранам норм санітарных правіл. Больш за тое, перад пазапланавай праверкай чыноўнікі абавязаныя паказаць прадпісанне на яе правядзенне і зрабіць адпаведную адзнаку ў часопісе праверак.

“Калі гэта быў маніторынг, то ў кнізе праверак запісаў не пакідаецца. Але, калі па выніках гэтага маніторынгу складзены акт праверкі і складзеныя пратаколы, то няхай звяртаюцца ў вышэйстаячыя інстанцыі ці ў суд", — пераконвае намеснік старшыні аддзелу кантролю Мінгандлю Кірыл Слабко.

Але пакуль падобных судоў не было, маўляў, міністэрства такой падставы не давала.

“Нідзе яны нічога не пазначаюць! — працягвае іншы ўладальнік сталічнага рэстарана, кажучы агулам пра ўсе дзяржаўныя органы, якія прыходзяць з праверкамі. — То бок па дакументах гэта не праверка, а менавіта маніторынг. Але штрафы выпісваюць. Прычым, у прыватных размовах яны выказваюць спачуванні, кажуць пра недарэчнасць такога ціску, і ўсё роўна выпісваюць штраф. Калі тыдзень прайшоў без гасцей — гэта неверагодны тыдзень. Цяпер перад новым годам працы і так хапае праз карпаратыўныя замовы. Але замест працы сядзіш і трасешся, ці прыйдуць сёння, ці выйдзеш у плюс пасля аплаты штрафаў”.

Супрацоўнікі санэпідэмслужбаў ад каментарыяў папросту адмаўляюцца. Тым часам на сайце мінскай санітарнай службы штодзень аднаўляецца спіс установаў грамадскага харчавання, якім выстаўляюць балы “гігіенічнай бяспечнасці”. Напрыклад, кавярня “Старае месца” атрымала 0 балаў, “адзінка” ў рэстаране “Піплс”, на “двоечку” гігіена ў кавярнях “Верхні горад”, Olivo, Doodah King Bar, “Эль Памідора” і “Тусэ”. Максімальныя пяць балаў — рэч неверагодная і менш даступная, чым 10-а ў дзённіку школьніка.

Мінгандлю амаль кожны месяц прыпыняе дзейнасць адразу некалькіх устаноў грамадскага харчавання. За год у спіс “часова закрытых” па розных прычынах траплялі “Журавінка”, “Штоле”, “Сайгон”, “Хутка Смачна”, Food Republic, River Cafe, “Гудзіс”, “Мулен руж” і іншыя сталічныя кавярні ды рэстараны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі