Рэпрэсіі можа спыніць толькі загад Лукашэнкі — чаму ён можа яго аддаць?

Сваякі затрыманых каля Акрэсціна / Еўрарадыё
Сваякі затрыманых каля Акрэсціна / Еўрарадыё

У Аляксандра Лукашэнкі ёсць інструментар, здольны спыніць рэпрэсіі, — дакладны загад. Ён гэта рабіў неаднойчы ў мінулым, кажа палітычны аналітык Арцём Шрайбман. Але гэты загад спыніць рэпрэсіі павінен быць сфармуляваны недвухсэнсоўна.

"Цяпер ён у тым жа абзацы, у якім гаворыць фразу "не трэба ладзіць паляванне на вядзьмарак", кажа, што не трэба дапускаць уцёклых ва ўладу. І таму пакуль чынавенства атрымлівае такія "змяшаныя" сігналы, яны будуць, хутчэй, перагінаць палку, чым недагінаць яе. І сілавы апарат будзе працаваць, кіруючыся логікай, што чым больш ён рэпрэсуе, тым лепш прадэманструе сваю лаяльнасць", — кажа Шрайбман у гутарцы з Еўрарадыё.

Што можа прымусіць Лукашэнку аддаць недвухсэнсоўны загад спыніць рэпрэсіі? Вялікая сварка з Расіяй, лічыць Шрайбман. Досвед паказвае, што Беларусь ішла на кантакт з заходнімі партнёрамі, калі на Усходзе пачынала іскрыць.

"Пахаладанне двухбаковых адносін можа стаць прадвеснікам амністыі", — лічыць Шрайбман.

Ён мяркуе, што ў будучыні і Лукашэнка насыціцца перавыхаваннем "аблуднай" часткі грамадства і можа пайсці на саступкі. Адпусціць калі не Віктара Бабарыку і Марыю Калеснікаву, то хоць бы людзей, якія выпадкова трапілі пад каток.

Ёсць яшчэ адзін варыянт: рэпрэсіі могуць спыніцца, калі пачнуць пагражаць стабільнасці ўлады. Калі з'явяцца канфлікты ў асяроддзі сілавікоў, прадзяржаўнага бізнесу. У такім пункце Беларусь яшчэ не была, і Шрайбман не думае, што мы хутка да яго прыйдзем. Але не выключаў бы і такога сцэнара.

"Сітуацыя вала рэпрэсій, які пастаянна набірае абароты, ні ў адной краіне не была вечнай. Нават у Савецкім Саюзе рэпрэсіі 37–38 гадоў пачалі згортваць яшчэ пры Сталіне, яшчэ да вайны ўсвядомілі, што зайшлі занадта далёка. Я маўчу пра тое, што на наступным крузе савецкая сістэма пачала дыстанцыявацца і ад самога культу асобы Сталіна. Тое самае рабіў і Лукашэнка, калі шматкроць згортваў перыяды закручвання гаек", — суцяшае беларусаў Шрайбман.

Поўную версію гутаркі з Арцёмам Шрайбманам глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі