Звольнены старшыня Столінскага райвыканкама стаў старшынём райсавета

Аляксея Дзямко звольнілі напрыканцы лютага з ініцыятывы кіраўніка вобласці Канстанціна Сумара “за правалы ў працы”. Але 25 сакавіка Дзямко абралі дэпутатам райсавета па Альманскай выбарчай акрузе — узамен ранейшага дэпутата, які склаў свае паўнамоцтвы. Пры гэтым яўка выбарцаў склала 71%.

“У сувязі з пераходам на іншую працу” склаў свае паўнамоцтвы і старшыня райсавета. На гэтую пасаду патаемным галасаваннем быў абраны Аляксей Дзямко, паведамляе газета “Навіны Палесся”. Прычым выбары новага старшыні прайшлі ўжо 27 сакавіка. Такім чынам, новаабраны дэпутат Дзямко за два дні стаў кіраўніком райсавета.

Нядаўна прызначаны старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі перад галасаваннем ухваліў прапанаваную кандыдатуру.

Дарэчы, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта раней вінаваціў Аляксея Дзямко ў сямейнасці. Маўляў, ён уладкаваў на працу ў райвыканкам сына. Адказныя пасады ў раёне займалі іншыя яго сваякі. Яго брат, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Рыгор Дзямко быў старшынём назіральнай рады сельгаскааператыва "Фядорскі". У 2009 годзе Генеральная пракуратура завяла на абодвух братоў Дзямко справу за злоўжыванні службовым становішчам, аднак яна не мела для сямейства Дзямко сур'ёзных наступстваў.

Фота — respublika.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі