Znich павязе акустыку на "Басовішча"

Мінскі гурт Znich выступіць на сёлетнім "Басовішчы". Музыкі далі сваю згоду і ўжо даслалі арганізатарам тэхнічны райдар. Праўда, пакуль хлопцы актыўна рыхтуюцца да вялікага сольнага канцэрта "Лепшае за 16 год і эксклюзіўныя песні", які пройдзе 31-га траўня ў клубе Re:Public. Цалкам магчыма, прызнаецца лідар гурта Алесь Таболіч, што менавіта з гэтай праграмай каманда выступіць і на "Басовішчы".

"Хочам увогуле паспрабаваць зрабіць палову праграмы акустычнай, а палову - металічнай, - распавядае Алесь. - Гэта было б цікава. 31-га мы паспрабуем гэта паказаць... А так, мы едзем дакладна. Хто там будзе яшчэ, я не ведаю, бо ў іх там усё неяк таямніча. Для мяне вельмі дзіўна, што кожны новы арганізатар "басоў" нас заўсёды ўзгадвае і кліча".

Мінскія пэган-металісты сталі чацвёртым гуртом, які трапіў у расклад двухдзённага фестывалю. Да гэтага арганізатары пацвердзілі выступы IQ48, :B:N: ды "Кальмары". Сам фестываль "Басовішча" сёлета пройдзе ўжо 13–14 ліпеня на старым месцы, каля мястэчка Гарадок.

У гэтым годзе арганізатары не здолелі атрымаць грант ад польскага Міністэрства адміністрацыі на правядзення фэсту, таму давялося рэзка мяняць першапачатковыя планы. І змяняць сэт-ліст адпаведна з урэзаным бюджэтам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі